«Калі трэба, то аддам жыццё за Радзіму, за цябе, дарагая Леначка»

Некалькі франтавых лістоў франтавіка Аляксандра Анішчанкі, якія ён пісаў сваёй каханай дзяўчыне, захоўваюцца ў архівах Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея. Яны пачыналіся заўсёды аднолькава шчыра і цёпла: «Добры дзень, дарагая Леначка».
Аляксандр Анішчанка (нарадзіўся ў 1921 годзе ў Краснадарскім краі) працаваў токарам у Новачаркаску і быў прызваны на тэрміновую ваенную службу ў красавіку 1941 года. А ўжо ў ліпені ў складзе 660-га гаўбічнага артылерыйскага палка ўдзельнічаў на Заходнім фронце ў абароне населеных пунктаў Віцебскай вобласці. Аляксандр быў наводчыкам у гарматным разліку, у адным з баёў прамой наводкай падбіў тры наступаючыя нямецкія танкі. Удзельнічаў у баях за гарады Смаленскай вобласці, Масквы. На Курскай дузе быў паранены ў нагу, лячыўся ў шпіталі. Потым удзельнічаў у вызваленні Украіны. За мужнасць у снежні 1943 года быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
У 1944 годзе Аляксандр Цімафеевіч Анішчанка быў ужо камандзірам артылерыйскага ўзводу 67-й стралковай дывізіі 1-га Прыбалтыйскага фронту. Вызначыўся на прарыве нямецкай абароны пры вызваленні Сіроцінскага раёна на Віцебскім плацдарме, за што быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені з прысваеннем звання лейтэнанта. У ходзе Віцебскай наступальнай аперацыі пры падыходзе да станцыі Лоўжа быў паранены, лячыўся ў шпіталі ў вёсцы Залессе, дзе пазнаёміўся з будучай жонкай Аленай Давыдаўнай Танковіч, якой часта пісаў лісты ў вёску Вялікія Ляжні. Іх некалькі гадоў таму перадала ў музей дачка ветэрана Таццяна Струкава, якая жыве ў Віцебску.
«Добры дзень, дарагая многапаважаная Леначка, – чытаем у адным з лістоў, датаваным 1 жніўнем 1944 года. – Перадаю табе ад усёй маёй душы гарачае прывітанне з поціскам рукі і моцным пацалункам. Я не ў сілах забыць апошнія хвіліны расставання (25 ліпеня 1944 года), як не з ахвотай ты праводзіла мяне. Гэтае расставанне будзе жыць у маёй памяці да нашай наступнай сустрэчы. Толькі б усім нам застацца жывымі і здаровымі.
31 ліпеня я развітаўся са сваім лепшым сябрам Мішам, але ж нічога не зробіш… Я артылерыст, а ён пехацінец, так што яго па другім маршруце накіравалі. Разам мы праехалі больш за 400 кіламетраў. І яшчэ некалькі соцень мне трэба праехаць і прайсці, пакуль траплю ў сваю часць на фронце.
Леначка, па гэтым адрасе пісьмы не пішы, бо ён будзе несапраўдным. Я зараз знаходжуся ў дарозе. Ну, пака, да пабачэння. Жадаю ўсяго найлепшага. Саша».
У наступным лісце Аляксандр пісаў сваёй дзяўчыне так: «…Калі гэта трэба радзіме, то, не шкадуючы сваіх сіл і крыві, аддам жыццё за Радзіму, за Сталіна, за цябе, дарагая Леначка, каб людзі болей не бачылі, не ведалі такіх жахаў, якія вы перажылі за тры гады акупацыі».
Ліст, напісаны 26 лютага 1945 года, прыйшоў са шпіталю: «…Я думаю, што хутка выпішуся. Калі здароўе палепшыцца, зноў вярнуся на фронт – з новай сілай біць і знішчаць нямецкіх захопнікаў у іх уласным логаве. Вайне хутка канец, і мы абавязкова сустрэнемся. Мы будзем святкаваць нашу перамогу і сустрэчу, як ніколі. .. Вядома ж, пойдзем удвух у кіно, Леначка? І пацешымся так, як патрабуе жыццё маладых, за ўсе доўгія гады разлукі».
А. Ц. Анішчанка вярнуўся з вайны жывым. Вярнуўся да сваёй Леначкі, лісты і каханне якой дапамаглі яму выжыць падчас ваеннага ліхалецця. Яны ажаніліся і пражылі разам амаль 55 гадоў. Аляксандр Анішчанка памёр у 2000 годзе, пахаваны ў в. Крупчына.
Ларыса ЗАЙЦАВА.