Сёння, 4 красавіка, на палетках ААТ «АграБаравінка» прайшло раённае свята «Засеўкі», якое дало старт масавай сяўбе яравых культур на Шуміліншчыне.
У мерапрыемстве прыняў удзел старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, спецыялісты райсельгасхарчу, механізатары, благачынны цэркваў Шумілінскай акругі протаіерэй Фёдар Пучынскі.
«Вясна – напружаны і адказны час для сельскай гаспадаркі, – звярнуўся да ўсіх Сяргей Аляксандравіч. – Свята першай баразны, якое праводзілі нашы дзяды і прадзеды, аб’ядноўвае людзей. Перад раёнам сёлета стаяць сур’ёзныя задачы: засеяць 5,5 тысячы гектараў зерневых і зернебабовых, 3 тысячы гектараў кукурузы, тысячу гектараў аднагадовых, 700 гектараў крыжакветных».
Асвяціў зерне і прачытаў малітву на ўраджай Фёдар Пучынскі.
Старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Вольга Пусянкова пажадала механізатарам добрага надвор’я, моцнага здароўя і ўручыла сімвалічныя абярэгі і мяшэчкі з асвечаным зернем – на ўдачу і добры ўраджай.
За плуг запрэжанага каня, упрыгожанага стужкамі, стаў Сяргей Галынчык. Ён узараў першую баразну – зрабіць яе нашы продкі давяралі самаму працавітаму і мудраму гаспадару.
У добры шлях, хлебаробы!