Гордость за наше общее прошлое, уверенность в светлом будущем. Как в Шумилинском районе отметили День единения народов Беларуси и России

Главное Новости Общество

2 красавіка в Шумілінскім раёне шырока адзначылі дзяржаўнае свята – Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. У раённых святочных мерапрыемствах брала ўдзел дэлегацыя Вялікалуцкага раёна Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі на чале з намеснікам кіраўніка адміністрацыі раёна Аленай Дзем’янчук. У складзе дэлегацыі – прадстаўнікі дэпутацкага корпусу, грамадскіх арганізацый, работнікі культуры, школьнікі-юнармейцы.

У Шумілінскім раённым выканаўчым камітэце адбылася сустрэча, у якой прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч. У ходзе размовы бакі расказалі пра сацыяльна-эканамічнае развіццё і грамадскае жыццё сваіх рэгіёнаў.  Дырэктар інфармацыйнага турыстычнага цэнтра Шумілінскага раёна Ірына Кулікава прэзентавала турыстычны патэнцыял нашага раёна, запрасіла расійскіх гасцей наведаць Шуміліншчыну з экскурсіямі.

Пасля сустрэчы яе ўдзельнікі ўсклалі кветкі на воінскім пахаванні ў Шуміліне, ушанавалі памяць загінуўшых у гады вайны хвілінай маўчання.

Далейшы шлях гасцей з Вялікалуцкага раёна ляжаў у гарадскі пасёлак Обаль. Вялікую цікавасць у расіян, асабліва ў юнармейцаў, выклікала экскурсія ў музей Обальскага камсамольскага падполля. Школьнікі сцішана слухалі расказ пра подзвіг юных абальчан, якія не шкадуючы свайго жыцця змагаліся з гітлераўцамі за нашу агульную Перамогу. Яны, дарэчы, рыкладна такога ж узросту, як і Зіна Партнова, якой пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

На вайсковым пахаванні, што знаходзіцца непадалёк ад музея, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Таццяна Цэрах нагадала гісторыю вызвалення нашага раёна. Госці, афіцыйныя асобы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый аддалі даніну памяці савецкім воінам хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да мемарыяльных пліт каля абеліска.

У Обальскай СШ імя Героя Савецкага Саюза З. М. Партновай гасцей зноў чакала экскурсія і аповед пра ўстанову адукацыі. У актавай зале школы прайшла дыялогавая пляцоўка “Нам у спадчыну дасталася Перамога”. Члены ваенна-патрыятычных клубаў з Мікіціхінскай СШ, СШ № 1 г. п. Шуміліна, Кардонскай СШ і юнармейцы з Вялікалуцкага раёна падзяліліся вопытам ваенна-патрыятычнай работы, расказалі пра даследчую дзейнасць у вывучэнні ваенных падзей, абмяняліся падарункамі.

Галоўнай падзеяй у святкаванні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі стала тэматычная сустрэча “Перамога, якая нас аб’ядноўвае”, якая сабрала ўсіх ў раённым цэнтры культуры. У фае прадстаўнікоў грамадскасці раёна, гасцей з Расійскай Федэрацыі сустракалі выстава расіяніна – ураджэнца Шуміліншчыны, фотамастака, члена Рускага геаграфічнага таварыства Васіля Мясаедава, выстава пра воінаў Вялікай Айчыннай вайны, якія вызвалялі наш раён, тэматычная фотазона.

Мерапрыемства пачалося з выканання дзяржаўных гімнаў дзвюх краін. Вядучыя ва ўборах, стылізаваных у колерах дзяржаўных сцягаў Беларусі і Расіі, запрасілі на сцэну старшыню райвыканкама Сяргея Галынчыка і намесніка кіраўніка адміністрацыі Вялікалуцкага раёна Алену Дзем’янчук.

– Нас многае аб’ядноўвае, але яшчэ больш нас радніць агульная гісторыя, культура і традыцыі. Нашы народы прайшлі самыя цяжкія выпрабаванні, беражліва захоўваючы памяць пра подзвігі людзей, якія прайшлі вогненныя вёрсты вайны. Славу і гераізм нашых продкаў мы перадаём з пакалення ў пакаленне, – падкрэсліў у выступленні кіраўнік раёна. Сяргей Галынчык адзначыў, што Шумілінскі раён цесна звязаны з Расійскай Федэрацыяй у эканоміцы, спорце і культуры. Так, Обальскі керамічны завод пастаўляе сваю прадукцыю ў многія вобласці Расіі, Шумілінская СДЮШАР мае цесныя сувязі са спартыўнымі школамі Пскоўскай і Маскоўскай абласцей, паспяховымі з’яўляюцца культурныя сувязі раёна з расійскімі рэгіёнамі.

Вітаючы з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі, Алена Дзем’янчук сказала: “Гэтае маладое свята яшчэ больш умацавала беларуска-расійскае сяброўства, а час паказаў трываласць і неразрыўнасць нашых адносін, заснаваных на прынцыпах роўнасці, узаемнай павагі, даверу і падтрымкі. З 2017 года Вялікалуцкі і Шумілінскі раёны з’яўляюцца пабрацімамі. За гэты непрацяглы перыяд нашы адносіны сталі больш цеснымі і выйшлі на ўзровень рэгулярнага ўзаемадзеяння”. Яна выказала ўпэўненасць, што рознабаковае супрацоўніцтва нашых рэгіёнаў у далейшым будзе развівацца і ўзмацняцца. Сяргей Галынчык і Алена Дзем’янчук абмяняліся вітальнымі адрасамі і падарункамі.

Таксама пра супрацоўніцтва і сувязі, якія існуюць паміж сем’ямі, людзьмі, грамадскімі арганізацыямі, пра неабходнасць іх захавання і ўмацавання гаварылі старшыня ветэранскай арганізацыі Вялікалуцкага раёна Станіслаў Лукашоў, намеснік дырэктара ваенна-патрыятычнага спартыўнага клуба “Маргелаў” Юрый Заюраў, старшыня Шумілінскай раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў Валерый Жандараў. Запрасіла шумілінцаў на Свята франтавой паэзіі, якое ўжо больш за сорак гадоў праходзіць у літаратурна-мастацкім музеі імя пісьменніка І. А. Васільева ў вёсцы Баркі Вялікалуцкага раёна, яго кіраўнік Вольга Андрэеўская. Яна перадала ў дар Шумілінскаму гісторыка-краязнаўчаму музею некалькі франтавых малюнкаў, выкананых мастакамі, што ваявалі ў 1944 годзе на беларускай зямлі.

Песні і танцавальныя нумары для святочнага канцэрта падрыхтавалі артысты і творчыя калектывы РЦК, з расійскага боку выступіла спявачка Крысціна Новікава. Фінальную песню пра нашы брацкія краіны падхапілі ўсе ўдзельнікі сустрэчы, гарачымі апладысментамі яны дзякавалі артыстам за цудоўны настрой і песні.

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Фота Алены КАРПУШЭНКА і Сяргея ЕРМАЛАЕВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *