Красавік — месяц дзелавога турызму. Тытульны маршрут нашага раёна
Кожны месяц у Беларусі праходзіць пад эгідай пэўнага віду турызму. Красавік праходзіць пад эгідай дзелавога турызму.
Як адзначае галоўны спецыяліст райвыканкама Дзяніс Пячко, гэты напрамак перспектыўны, мае сваю нішу і адыгрывае сапраўды важную ролю, бо людзі, у тым ліку і патэнцыяльныя турысты, выбудоўваюць сваю работу ў розных формах: праз удзел у канферэнцыях, форумах, пляцоўках для абмену вопыту, праз заключэнне кантрактаў і дагавораў.
У Мінску з 27 па 29 сакавіка працавала Міжнародная выстава-кірмаш турыстычных паслуг «Адпачынак-2025». Гэта міжнародная дзелавая пляцоўка для дзяржаў, рэгіёнаў і турыстычных кампаній з усяго свету, якія прадстаўляюць свае прадукты і паслугі ў сферы турызму на беларускім рынку. Сярод удзельнікаў мерапрыемства былі спецыялісты турыстычнага бізнесу з Расіі, Узбекістана, Турцыі, Кубы, Венесуэлы, Амана. На выставе ў складзе дэлегацыі Віцебскай вобласці былі і прадстаўнікі Шуміліншчыны.
«Разам з калегамі мы прадстаўлялі турыстычныя прадукты праекта «Васільковы край», – расказала дырэктар турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Шумілінскага раёна Ірына Кулікава. – На выставе мы прэзентавалі турыстычны патэнцыял Шуміліншчыны. Цікаўнасць да нашых паслуг праявілі прадстаўнікі Мінска і Гродзеншчыны, багата падыходзіла землякоў, тых, хто нарадзіўся ў Шуміліне, а жыве ў іншых месцах краіны».
Спецыялісты турцэнтра рэкламавалі Дом рамёстваў, заказнік «Казьянскі», арганізавалі дэгустацыю прадукцыі ТАА «Вежа».
«У нас з’явілася новае паняцце – «тытульны маршрут». У выставе другі год запар удзельнічалі ўсе 118 гарадоў і раёнаў Беларусі, і кожны прэзентаваў свае ўнікальныя прадукты, у тым ліку тытульныя маршруты турыстычнага падарожжа, – працягвае Ірына Кулікава. – Тытульны маршрут – маршрут, які аб’ядноўвае самыя цікавыя і перспектыўныя аб’екты для першага знаёмства з рэгіёнам. Як правіла, маршрут аднадзённы, працягласцю 5-6 гадзін. Ён можа быць пешы, аўтамабільны, веласіпедны або камбінаваны. Наша задача – адпрацаваць яго так, каб быў даступны і цікавы любому падарожніку.
Плюс – аб’екты з сэрвісамі на маршруце, брэндавыя падзеі ў рамках маршруту. Мы прадставілі маршрут «Таямніцы Шуміліншчыны», які ўключае наведванне Вялікага каменю, двух цэркваў і двух музеяў.
У другі дзень выставы больш увагі ўдзялілі заказніку «Казьянскі», які разам са спецыялістамі турцэнтра прадстаўляў дырэктар установы Аляксандр Дабравольскі. Стаўка рабілася на тое, што гэта ўнікальны экстрэмальны турызм, а прагулкі па шумілінскіх балотах – цудоўная альтэрнатыва дайвінгу і альпінізму. Адметна, што «Казьянскі» зацікавіў турфірмы, якія прапаноўваюць супрацоўніцтва і па стварэнні віртуальных экскурсій. Вядомы фатограф, журналіст і выдавец Сяргей Плыткевіч прапанаваў стварыць экалагічную сцежку «Ад сэрца да сэрца», у маршруце якой будзе наведванне пяці балот, якія па форме нагадваюць сэрца.
Асобная ўвага была ўдзелена музею Обальскага камсамольскага падполля. Яго кіраўнік Юрый Хаданёнак, які браў удзел у выставе, адзначыў, што экскурсія па гераічнай Обальшчыне, наведванне музея як ніколі актуальныя ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі.
Выстава-кірмаш «Адпачынак-2025» паказала, што Шуміліншчына цікавая як простым турыстам, так і турфірмам, якія гатовы ўключыць шумілінскі каларыт у турыстычныя маршруты, звязаныя з Віцебскам і Полацкам, падвёў вынікі выставы Дзяніс Пячко.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.