Маладыя, актыўныя, нераўнадушныя
Самая вялікая маладзёжная арганізацыя краіны – Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі – сёння дэманструе сваю запатрабаванасць і неабходнасць. Моладзь задзейнічана ва ўсіх сферах жыцця. Гэта пацвердзіў выніковы пленум райкама ГА БРСМ, які прайшоў 1 красавіка ў Шуміліне.
Аналіз работы за мінулы год аўдыторыя шумілінскіх маладых актывістаў заслухала ў дакладзе першага сакратара райкама БРСМ Вікторыі Бяляевай. Сёння ў радах БРСМ – 559 членаў (25,4% ад агульнай колькасці моладзі ва ўзросце ад 14 да 31 года, што пражывае ў раёне). Маладзёжны лідар падрабязна расказала, чым жыве сёння шумілінская маладзёжная арганізацыя, якія яе асноўныя накірункі дзейнасці. Вікторыя Бяляева падкрэсліла, што моладзь не застаецца ў баку ад важных грамадскіх падзей раёна, вобласці і рэспублікі.
Першы сакратар спынілася і на бліжэйшых планах, акцэнтаваўшы ўвагу на тым, што сёлетні год – год 80-годдзя Вялікай Перамогі і Год добраўпарадкавання, а значыць, наперадзе багата спраў на карысць Радзімы.
Вынікі работы райкама БРСМ падсумавала намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава:
– Дзякуй кожнаму нераўнадушнаму і актыўнаму члену БРСМ, які праслаўляе Шуміліншчыну ў сваіх добрых справах, патрыятычных намерах, жаданні не быць староннім назіральнікам, а заставацца ў гушчыні падзей. Сёння перад арганізацыяй стаіць шмат задач. Ёсць над чым працаваць. У прыватнасці, хочацца, каб вы больш актыўнымі былі ў конкурсе «100 ідэй для Беларусі».
На пленуме былі адзначаны лепшыя пярвічкі і актывісты арганізацыі, уручаны членскія білеты новым членам ГА БРСМ.
Напрыканцы мерапрыемства моладзь далучылася да патрыятычнай акцыі «Жывая памяць удзячных пакаленняў», у чарговы раз пацвердзіўшы, што яны годныя прадстаўнікі новага часу.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.