Знойдзены прозвішчы загінуўшых землякоў
На ўскрайку вёскі Сіроціна знаходзіцца брацкая магіла мірных жыхароў, якія загінулі ў вайну. Па ініцыятыве Сіроцінскага сельвыканкама на пахаванні ў 1981 годзе ўстаноўлены помнік, на якім зроблены надпіс: «Тут пахаваны партызаны і мірныя жыхары, расстраляныя фашыстамі ў 1943 годзе».
Хто яны, гэтыя людзі? Гэтага на помніку не прачытаеш, пайшлі з жыцця і сведкі тых далёкіх часоў. Нядаўна стала вядома, што ў пачатку 70-х гадоў работнікі сельвыканкама вялі пошукавую работу.
Пры разборы архіўных дакументаў старшыня сельвыканкама Аксана Шынкевіч знайшла папку з дакументамі, у якіх устанаўліваюцца прозвішчы расстраляных жыхароў сельсавета. У 1973 годзе яшчэ былі жывымі людзі, якія памяталі загінуўшых, і па іх успамінах былі сабраны матэрыялы. Складзены так званыя акты-пацвярджэнні. У адным з іх чытаем: «Мы, старшыня Сіроцінскага сельсавета тав. Лапавухава, сакратар гэтага ж сельсавета тав. Суханава, дэпутат сельсавета былы камандзір партызанскага ўзвода тав. Грузневіч К. І., былая партызанка Цыбульская Е. І. (пражывае ў в. Плігаўка) і Суворава Е. А. (пражывае ў Калінінградзе) склалі акт аб тым, што ў красавіку 1943 года на ўскрайку Сіроціна фашыстамі за сувязь з партызанамі была расстраляна група жыхароў в. Плігаўкі (пахаваны ў брацкай магіле в. Сіроціна). Іх прозвішчы, імёны і імёны па бацьку: Міндалеў Карней Сямёнавіч, Міндалева Зінаіда Ягораўна, Барадулін Мацвей Яўсеевіч, Барадуліна Еўдакія Сямёнаўна, Цыбульская Ганна Васільеўна, Цыбульскі Віктар (грудное дзіця), Сувораў Дзмітрый Харытонавіч, Лемешаў Якім Хакіч».
Жыхары вёскі Бываліна пацвердзілі, што ў красавіку 1943 года расстраляны былі і іх аднавяскоўцы – муж і жонка Уладзімір Міхайлавіч і Яфім’я Аляксандраўна Тарбеевы. Яны таксама пахаваны ў брацкай магіле ў Сіроціне.
На адрас сельсавета прыходзілі лісты з розных куткоў Савецкага Саюза, бо родныя загінуўшых хацелі прыехаць на магілы. Пісалі ў сельвыканкам, каб удакладніць звесткі. Адзін з такіх лістоў з Краснадарскага краю ад Валянціны Іосіфаўны Каваленкі захаваўся ў архівах. Жанчына пісала, што дакладна ведае: яе родныя з Гарадоцкага раёна Барадзёнак Іосіф Кандратавіч, Барадзёнак Вольга Усцінаўна, Барадзёнак Ягор Іосіфавіч былі расстраляны немцамі ў Сіроціне за сувязь з партызанамі 10 красавіка 1943 года…
Дзякуючы архіўным дакументам, знойдзены 13 прозвішчаў жыхароў нашага раёна, якіх расстралялі за сувязь Брацкая магіла ў в. Сіроціна, дзе пахаваны мірныя жыхары з партызанамі. «Мы плануем увекавечыць іх прозвішчы, устанавіць мемарыяльную пліту на брацкім пахаванні, – кажа Аксана Шынкевіч. – Гэта наша гісторыя, і мы павінны яе ведаць. Вядома, сведкаў ваеннага ліхалецця зараз не знойдзеш. Але хочацца звярнуцца да жыхароў раёна: магчыма, вашы дзядуля ці бабуля расказвалі пра тых людзей, якія былі расстраляны ў Сіроціне. Калі ў вас маюцца звесткі, паведаміце ў Сіроцінскі сельсавет па нумарах 5-13-45, 5-13-21».
Ларыса ЗАЙЦАВА.