Ад крадзенага не пасыцееш
Красці нельга, за гэта пагражае крымінальная адказнасць, ведае кожны школьнік. Тым не менш знаходзяцца людзі, якія думаюць, што іх “пранясе” – ніхто не заўважыць крадзеж.
Так думаў, напэўна, і наш зямляк Міхаіл (імя зменена па этычных меркаваннях), работнік аднаго з сельгаспрадпрыемстваў раёна. Ён украў стартар ад зернеўборачнага камбайна і паспрабаваў прадаць. Жадаючых не знайшлося. Тады папрасіў знаёмага прадаць стартар. Да таго часу супрацоўнікі крымінальнага вышуку РАУС вялі аператыўныя мерапрыемствы – выйшлі як на таго, хто ўкраў запчастку ад зернеўборачнага камбайна, як і на таго, хто яе прадаваў. Апошняга супрацоўнікі міліцыі, як кажуць, злавілі па гарачых слядах – падчас спробы збыць крадзенае.
Па дадзеным факце, як расказаў начальнік РАУС Леанід Навіцкі, праводзіцца праверка. За крадзеж пагражае пазбаўленне волі да трох гадоў.
Як кажуць, ад крадзенага не пасыцееш…
Лідзія РУМЯНЦАВА