Создавать уникальные вещи из простых материалов учит детей Татьяна Боброва из Оболи

Мир увлечений Образование

Унікальнае – з простага

 Работы вучняў Обальскай СШ, якія займаюцца ў настаўніка Таццяны Пятроўны Бабровай, у творчых конкурсах розных маштабаў часта займаюць прызавыя месцы. Сёлета іх на рахунку юных абальчан ужо чатыры. У чым сакрэт поспеху, паспрабавалі высветліць, накіроўваючыся ў Обаль.

Таццяна Баброва – па натуры чалавек творчы, умее бачыць прыгожае і ствараць яго сваімі рукамі. З кожным годам удасканальвае сваё майстэрства. Іншы раз арыгінальная падзелка атрымліваецца з матэрыялу, на які ніхто і ўвагі не звяртаў. Гэтаму вучыць і вучняў. Напрыклад, летась яе вучаніца Варвара Фурман вырабіла ёлку з кары, паедзенай жучкамі. «Міні-ёлка» заняла другое месца ў рэспубліцы.

«Калі працавала настаўніцай матэматыкі, выкладала ў школе гурткі «Ізанітка”, “Вышыўка стужкамі” ад РЦДіМ. Але ўсё роўна мне было мала часу на захапленні. Цяпер працую ў групе падоўжанага дня, магу сабе дазволіць такую “раскошу”, – усміхаецца Таццяна Пятроўна. – Напрыканцы рабочага дня да мяне прыходзяць займацца прыкладна дзесяць дзетак, якія, як і я, апантаныя творчасцю. Мы лепім, выразаем, наклейваем, размалёўваем. Выкарыстоўваем пластылін, кардон, фанеру, фарбы, гіпс, шпаклёўку, прыродныя матэрыялы. Каб зрабіць падзелкі, спалучаем некалькі відаў творчасці: дэкупаж, фларыстыку, гіпсавую лепку, тэхніку тэра (матэрыял уціскаецца ў раствор, нанесены на аснову), батанічны барэльеф. Гэта ўсё карысна для дзяцей – яны вучацца быць цярплівымі, акуратнымі, пашыраюць свой кругагляд, што, несумненна, спатрэбіцца ў жыцці.

Заняліся мы і шарсцяной акварэллю: купляем так званую грабенную воўну рознага колеру, з якой выкладваем карціны. Адна з любімых – «Кветкі маёй радзімы».

Т. П. Баброва поўная ідэй і задумак. Не паспелі з дзецьмі закончыць адну падзелку, як прыступаюць да другой. Зараз абальчане рыхтуюцца да конкурсу «Захоўваем законы дарог» і «Зялёны дом», робяць падзелкі.– Нам падабаецца займацца з Таццянай Пятроўнай, не можам дачакацца, пакуль закончацца ўрокі, – кажа Марыя Серафімовіч. – Я вельмі рада, што мая работа на абласным конкурсе “ТэхнаЁлка” заняла трэцяе месца.– Падабаецца сам працэс стварэння вырабу. Атрымліваецца прыгожа! – падзяліўся Павел Баранаў. – Я заняў трэцяе месца ў вобласці на конкурсе “Калядная зорка”.

– Я яшчэ не паспеў заваяваць прыз у вобласці, а вось у маёй сястры Вары іх многа, – кажа другакласнік Цярэнцій Фурман. – Затое я вырабіў з пластыліну прыгожага Брандмаёра і перамог на раённым этапе конкурсу «Ратавальнікі вачыма дзяцей».

На днях стала вядома, што Брандмаёр Цярэнція на абласным этапе конкурсу «Ратавальнікі вачыма дзяцей» заняў другое месца. Мара хлопчыка збылася!

Бачна захопленасць дзяцей, гарэнне ў вачах, жаданне ствараць прыгожыя

рэчы сваімі рукамі, а не сядзець у гаджэтах. І за гэта захапленне бацькі обальскіх школьнікаў і метадысты РЦДіМ вельмі ўдзячны Таццяне Бабровай.

Ларыса ЗАЙЦАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *