Творчасць педагогаў-удзячных нашчадкаў
На базе СШ № 1 г. п. Шуміліна прайшоў раённы фестываль творчасці, прысвечаны 80-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Шумілінская раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і аддзел па адукацыі райвыканкама.
На суд журы, якое ўзначальвалі начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Галіна Раманенка, была прадстаўлена 21 кампазіцыя ад 56 педагагічных работнікаў з 16 устаноў адукацыі раёна. Творчых поспехаў, пазітыву і добрага настрою пажадала ўдзельнікам намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава.
Адкрыў фестывальную праграму верш Аркадзя Куляшова «Балада аб чатырох заложніках», які прагучаў прачула і натхнёна.
Далей загучалі ўсім вядомыя песенныя кампазіцыі «Плача белая бяроза», «Франтавыя сяброўкі», «Цёмная ноч»…– Сёння мы сабраліся, каб аддаць даніну памяці і павагі вялікаму подзвігу савецкага народа, які стаў асновай перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Важна, што гэты фестываль не толькі захоўвае памяць аб гераічных падзеях мінулага, але і натхняе нас на новыя здзяйсненні ў сферы адукацыі і выхавання, – падкрэсліла Аксана Генадзьеўна. – Кожны педагог – не проста носьбіт ведаў, у педагога важная місія – выхаванне ў падрастаючага пакалення пачуццё гонару і павагі да подзвігу тых, хто ваяваў за мірнае неба, адказнасці за лёс краіны. Як сказаў наш Прэзідэнт, патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт. Эмацыянальнасць, пранікнёнасць, артыстызм удзельнікаў фестывалю пры выкананні і чытанні твораў не пакінулі абыякавымі гасцей мерапрыемства.
У намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» перамагла Наталля Лазука з дзіцячага сада № 2, у намінацыі «Арыгінальны жанр» – Наталля Баранава (Обальская СШ) і дзіцячы сад № 3, у намінацыі «Вакал» – Вераніка Сакалова (СШ № 2), у намінацыі «Харавыя спевы» – Башнёўская БШ і Обальская СШ.