На районном субботнике шумилинцы дружно наводили порядок

Общество

Наводзіць парадак узяліся дружна

22 сакавіка раённым суботнікам на Шуміліншчыне далі старт мерапрыемствам Года добраўпарадкавання. Удзел у ім, па падліках аддзела эканомікі райвыканкама, прынялі 2672 чалавекі.

Суботнік праходзіў у Дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі, таму многія калектывы ў гэты дзень прыводзілі ў парадак брацкія могілкі ахвяр фашызму ў гады вайны, памятныя месцы і вайсковыя пахаванні савецкіх салдат.

Кіраўнік раёна Сяргей Галынчык разам з работнікамі райвыканкама, Сіроцінскага сельвыканкама, дэпутатамі сельскага Савета дэпутатаў, прадстаўнікамі грамадскай арганізацыі ветэранаў органаў унутраных спраў працаваў у вёсцы Сіроціна на добраўпарадкаванні брацкай магілы мірных жыхароў вёсак Плігаўкі і Бываліна, расстраляных фашыстамі ў красавіку 1943 года. Былі спілаваны аварыйныя дрэвы, высечаны кусты, наведзены парадак каля пахавання. Удзельнікі суботніка ўшанавалі памяць ахвяр генацыду хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да помніка на магіле.

Па ініцыятыве аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама на грамадзянскіх могілках былой вёскі Барсукі, якую ў час Вялікай Айчыннай вайны спалілі фашысты разам з жыхарамі, таксама быў наведзены парадак. Папрацаваць сюды прыехалі пракурор Шумілінскага раёна Іван Волчык, прадстаўнікі Обальскага сельвыканкама, работнікі ўстаноў культуры, актывісты раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў, дзеці “Школы міру”-Обальскай СШ.

Па заканчэнні работ тут прайшоў жалобны мітынг. «Трагедыя ў Барсуках здарылася 24 чэрвеня 1942 года, – расказаў загадчык музея Обальскага камсамольскага падполля Юрый Хаданёнак. – Немцы на чале з начальнікам обальскай паліцыі Экертам уварваліся ў вёску, сагналі людзей у адзін дом, закрылі дзверы і падпалілі. У акно кінулі гранату. Тых, хто спрабаваў вырвацца, расстрэльвалі на месцы. У гэты дзень былі расстраляны і спалены жывымі 37 чалавек…».

Настаяцель храма Ануфрыя Вялікага Уладзімір Пучынскі правеў ліцію па загінуўшых. Памяць землякоў ушанавалі хвілінай маўчання, да памятнага знака ўсклалі кветкі.

 

Работа на суботніку кіпела па ўсім раёне. Практычна ўсе арганізацыі знайшлі чым заняцца, каб навесці парадак пасля зімы на сваёй тэрыторыі ці дапамагчы прыбрацца падшэфным арганізацыям. У год 80-годдзя Перамогі асаблівая ўвага надавалася навядзенню парадку каля помнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Калектывы сельскагаспадарчых арганізацый і шэфы прыбіраліся на фермах. Шмат работы было выканана па навядзенні парадку ў населеных пунктах, парках і скверах, на вытворчых і сацыяльных аб’ектах.

 

Шумілінцы за работу ўзяліся дружна, зрабілі многа, але яшчэ больш трэба зрабіць, каб шумілінскі край стаў  больш прыгожым і камфортным для жыцця.

Наперадзе нас чакае рэспубліканскі суботнік, які пройдзе 12 красавіка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *