Будуць расці разам з дрэўцамі
21 сакавіка на Шуміліншчыне стартавала рэспубліканская добраахвотная акцыя «Дай лесу новае жыццё!», якая прадоўжыцца да 12 красавіка. Сёлета добраахвотная акцыя прысвечана Году добраўпарадкавання і 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Першымі ўдзельнікамі сталі дзеці з дашкольнага лясніцтва «Лесавічок» і школьнага лясніцтва «Вясёлка» Мішневіцкай БШ. Разам з дарослымі яны заклалі каля школы алею ў гонар 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Асабліва стараліся трохгадовыя Сафія Азарко і Кірыл Кліменцьеў. У іх жыцці падобная падзея была ўпершыню. Рабяты са школьнага лясніцтва разам са старшынёй Мішневіцкага сельскага Савета дэпутатаў Галінай Зязюлька пасадзілі елкі, сосны і туі на вайсковым пахаванні ў аграгарадку Мішневічы.
Як расказала намеснік кіраўніка Шумілінскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Людміла Доктарава, усяго падчас акцыі будуць адноўлены лясы на плошчы 26 гектараў.
Пацвердзілі свой удзел у акцыі прадстаўнікі раённай улады, устаноў адукацыі, актывісты раённых грамадскіх арганізацый, сілавых структур.
Шумілінскі лясгас запрашае кожнага жыхара раёна прыняць удзел у акцыі і ўнесці свой уклад у высакародную справу аднаўлення лясоў. Кантактныя тэлефоны: 58199, 51613, 8(029)3207600, 8(029)1315516.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.