Даніна памяці выдатнаму трэнеру Пятру Ганушчанку
22 сакавіка ў Шумілінскай СДЮШАР прайшоў першы адкрыты раённы турнір па грэка-рымскай барацьбе памяці трэнера-выкладчыка Пятра Васільевіча Ганушчанкі. Спаборніцтвы сабралі юных барцоў-класікаў Віцебшчыны, Мінска, Жлобіна і Барысава.
Асоба трэнера-выкладчыка Пятра Ганушчанкі – легендарная. Менавіта дзякуючы яму ў 1981 годзе ў г. п. Обаль пачала працаваць секцыя па грэка-рымскай барацьбе, праз якую прайшло не адно пакаленне абальчан. Пётр Васільевіч выхаваў 14 майстроў спорту і больш за 60 кандыдатаў у майстры спорту. Яго выхаванцы – неаднаразовыя чэмпіёны Беларусі, прызёры і пераможцы міжнародных стартаў.
На цырымоніі адкрыцця хвілінай маўчання ўшанавалі памяць трэнера Пятра Ганушчанкі, які ў мінулым годзе пайшоў з жыцця. Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларуская федэрацыя барацьбы» Аляксандр Арэшонак адзначыў, што дзякуючы трэнеру Пятру Васільевічу Ганушчанку обальскіх барцоў добра ведаюць як у Беларусі, так і за яе межамі, і сённяшні турнір – даніна павагі выдатнаму трэнеру, чалавеку з вялікай літары. Намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава дапоўніла, што справа Пятра Ганушчанкі працягваецца, і барцы Шумілінскай СДЮШАР радуюць добрымі вынікамі.
У поўнай баявой гатоўнасці шумілінскія і обальскія барцы, трэнеры Юрый Сцяпанаў і Вадзім Лягчонак даюць выхаванцам апошнія наказы.
«Справа гонару выступіць годна, – падкрэсліў Юрый Сцяпанаў. – Выйсці і перамагчы, нягледзячы ні на што».
А вось адзін з лепшых юных барцоў абальчанін Данііл Кляцкоў быў разгубленым: «Самы складаны турнір для мяне. Як барца мяне ўсяму навучыў Пётр Васільевіч. Я і сёння не магу ўсвядоміць, што яго больш няма. Пастараюся на дыване зрабіць усё, што ўмею. Дзеля любімага трэнера».
Паядынкі праходзілі на двух барцоўскіх дыванах, і гэта надало спаборніцтвам мабільнасці і яўна спадабалася заўзятарам, якіх багата прыйшло на турнір.
На п’едэстал узняліся выхаванцы Шумілінскай СДЮШАР: першыя месцы – Ягор Барсукоў, Данііл Кляцкоў і Мікалай Любіч, другое – Анатоль Зянькоў, трэція – Антон Пінькоўскі, Яўген Котаў, Ягор Булах і Алег Капытоў.
На ўрачыстым закрыцці спаборніцтваў пераможцы і прызёры атрымалі кубкі, медалі і дыпломы.
Слова – старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларуская федэрацыя барацьбы» Аляксандру Арэшонку:
– Турнір адназначна ўдаўся. І добра, што спаборніцтвы прайшлі ў Шуміліне. Ад імя федэрацыі хачу падзякаваць дырэктару Шумілінскай СДЮШАР Алегу Асташонку і ўсяму калектыву за цудоўную арганізацыю спаборніцтваў, за атмасферу, што панавала на спаборніцтвах.Слова – трэнеру па грэкарымскай барацьбе, сябру Пятра Ганушчанкі Анатолю Кучынскаму (Сянно):
– З Пятром сябраваў усё жыццё. Разам з ім сорак год назад арганізоўвалі першы турнір у Обалі. А сёння прывёз сваіх выхаванцаў на турнір памяці трэнера-выкладчыка П. В. Ганушчанкі. Дзякуй за турнір, за тое, як захоўваеце памяць пра яго.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.