На Дошку гонару Шумілінскага раёна занесена прозвішча аператара ачышчальных збудаванняў цэха водаадвядзення філіяла «Полацкводаканал» КУПВКГ «Віцебскаблводаканал» Васіля Сяргеевіча КАНЦЭВІЧА.
Ачыстка сцёкавых вод – пад пільным кантролем
У трох кіламетрах ад Шуміліна ў бок Полацка з дарогі Р‑20 бачныя некалькі акуратных блакітных будынкаў. Менавіта там, на водаачышчальных збудаваннях, знаходзіцца працоўнае месца Васіля Канцэвіча. «Усе сцёкі райцэнтра збіраюцца на нашых ачышчальных. Тут яны праходзяць механічную і біялагічную ачыстку, пасля чаго ачышчаная вада скідваецца ў канал і далей уключаецца ў прыродны водаабарот, а цвёрды асадак – іл – назапашваецца і перыядычна вывозіцца», – падзяліўся падрабязнасцямі работы сістэмы Васіль Сяргеевіч.
Яго работа заключаецца ў тым, каб сачыць за спраўнасцю абсталявання, бесперапыннасцю функцыянавання помпаў і іншых апаратаў. Аператар выяўляе непаладкі, простыя ліквідуе сам, больш складанымі займаецца брыгада слесараў, якая ёсць на ўчастку.
А яшчэ на плячах аператараў – догляд даволі вялікай тэрыторыі ачышчальных збудаванняў. Летам яны абкошваюць і добраўпарадкоўваюць яе, зімой чысцяць снег.
«За апошнія гады колькасць сцёкаў значна павялічылася – будуюцца новыя дамы, якія таксама падключаюцца да каналізацыі, – працягвае Васіль Сяргеевіч. – Таму на ачышчальных паступова праводзіцца рэканструкцыя і замена абсталявання, планавыя рамонты. Мы таксама актыўна ўдзельнічаем у гэтай рабоце. Я працую ўжо дваццаць гадоў, ведаю кожны вентыль, кожную трубу, таму дапамагаю пры рамонце, падказваю, што і як можна зрабіць».
В. С. Канцэвіч расказаў, што ў канале, куды скідваецца ачышчаная вада, застаюцца зімаваць качкі, і з кожным годам іх становіцца ўсё больш. Летам каля ачышчальных пастаянна пасуцца казулі. Асабістым укладам у ахову прыроды сталі 18 ліпак, які ён высадзіў на тэрыторыі, а таксама 2 буслянкі, якія ўжо абжылі птушкі. Васіль Сяргеевіч калісьці захапляўся паляваннем, але адышоў ад гэтага. Яшчэ любіць тэхніку, захапляецца вінтажнымі аўтамабілямі.
«Лічу, што працаваць на любым участку трэба сумленна і якасна, так сам заўжды працую. І мне прыемна, што маю работу заўважылі, ацанілі і вылучылі на раённую Дошку гонару», – кажа Васіль Канцэвіч.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ