Хатынь – нястомны боль у сэрцы беларусаў
22 сакавіка адзначаецца жалобная дата – Дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі. Ахопленая полымем вёска разам з жыхарамі назаўжды ўвайшла ў сусветную гісторыю як сімвал бесчалавечнасці нацыстаў і іх памагатых. Сёння тысячы наведвальнікаў з усяго свету прыязджаюць у Хатынь, каб ушанаваць памяць усіх нявінных ахвяр таго жахлівага часу.
У ходзе расследавання Генеральнай пракуратурай Беларусі крымінальнай справы аб генацыдзе ўстаноўлена больш за 10,5 тысячы вёсак і сёл (каля 9,2 тысячы было да пачатку расследавання), якія пацярпелі ў гады акупацыі, у тым ліку не менш 288 населеных пунктаў (186 – да ўзбуджэння крымінальнай справы), якія раздзялілі лёс Хатыні, былі поўнасцю знішчаны разам з жыхарамі і не адрадзіліся пасля вайны.
Шумілінскія сёстры Хатыні
Барсукі (36 жыхароў, 18 двароў), Гульбішча (32 жыхары, 18 двароў), Ціжма (27 жыхароў, 10 двароў), Ужляціна (78 жыхароў, 38 двароў)… – 164 вёскі (да пачатку расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе было 133) былі знішчаны гітлераўцамі за гады акупацыі на Шуміліншчыне. 164 вялікія і малыя вёскі сталі вогненнымі, 24 з іх не адрадзіліся. У памяці людзей ды архіўных дакументах засталіся толькі іх назвы.
Восем вёсак нашага раёна навечна ўнесены ў доўгі спіс вёсак-магіл у мемарыяльным комплексе «Хатынь»: Бачканы (30 жыхароў, 17 двароў), Дражакі (39 жыхароў, 12 двароў), Залессе (43 жыхары, 11 двароў), Заазер’е (28 жыхароў, 12 двароў), Зуева (37 жыхароў, 16 двароў), Папова (26 жыхароў, 11 двароў), Шчамілаўка (23 жыхары, 6 двароў), Ямішча (59 жыхароў, 18 двароў).

З паказанняў Наталлі Герасімаўны Шчарбаковай:
– 24 чэрвеня 1942 года ў вёсцы стала вядома, што да нас у Барсукі едуць з Обалі немцы і паліцэйскія. Некаторыя жыхары вёскі загадзя пайшлі ў лес, большасць засталіся ў вёсцы. Калі на дарозе паказаліся немцы, мая маці загадала мне і маёй сястры Еўдакіі хутчэй адвесці ў лес карову. Некаторыя аднавяскоўцы таксама пачалі ўцякаць у лес. Карнікі адкрылі па нас стральбу. Я спужалася, упала ў кусты і ляжала там, пакуль немцы не з’ехалі з вёскі.Спачатку немцы і паліцэйскія абкружылі вёску і пачалі рабаваць. Нагрузіўшы падводы з нарабаванай маёмасцю і жывёлай адправілі па дарозе ў Обаль. Затым я ўбачыла, як з супрацьлеглага канца вёскі загарэлася хата. Жыхароў вёскі карнікі загналі ў дом Аболінай Мілі, які знаходзіўся супраць нашай хаты і быў крайнім. З кустоў я добра бачыла дом і бачыла, што ў яго сагналі жыхароў, у тым ліку там была і мая маці з дзецьмі. У вёсцы стаяў страшны крык, плакалі маленькія дзеці. Вакол дома сталі са зброяй немцы і паліцэйскія.
Затым дом Аболінай, у якім былі запёртыя жыхары – жанчыны, мужчыны, старыя, дзеці, карнікі падпалілі і кінулі туды гранату, пачуўся моцны выбух. Адначасова падпалілі і наш дом. Пасля выбуху з дома Аболінай пачалі выскокваць людзі. Але немцы і паліцэйскія на хаду іх расстрэльвалі, стаяла хаатычная стральба. Сярод тых, хто ўцякаў, я ўбачыла і сваю маці, якая несла на руках двухгадовую Валю, астатнія дзеці – Марыя, Вера, Коля, Віця – беглі за ёй. Я бачыла з кустоў, як была забіта мая маці, сёстры Валя, Марыя, браты Коля і Віця.
Сястра Вера была паранена ў нагу і ляжала ў 50-60 метрах ад мяне, яна плакала і прасіла піць. Я ўбачыла, як ад дома Аболінай бяжыць начальнік паліцыі Экерт за Елісеенка Кацярынай і на хаду страляе ў яе з вінтоўкі. Кацярына схавалася ў кустах, Экерт падбег да іх і крыкнуў гучна: «Вось няшчасная партызанка, восем разоў выстраліў і не трапіў». Пасля гэтага ён пайшоў да дома Аболінай.
Калі праходзіў каля маёй параненай дзесяцігадовай сястры Веры, Экерт ва ўпор выстраліў з вінтоўкі ёй у галаву. Я ад усяго ўбачанага страціла прытомнасць і прыйшла ў сябе толькі ўвечары, калі карнікі з’ехалі з вёскі.
Трупы забітых і спаленых вяскоўцаў былі пахаваныя ў агульнай магіле на месцы спаленага дома Аболінай…
У 1961 годзе адбыўся суд над фашысцкім памагатым М. А. Экертам, які ў час нямецкай акупацыі быў начальнікам Обальскай паліцыі і ўдзельнічаў у карных аперацыях, асабіста забіў 60 савецкіх грамадзян. Здраднік быў асуджаны да расстрэлу.
Памяць пра нашых землякоў, якія загінулі ў баях, былі закатаваныя ў канцлагерах, згарэлі ў полымі вогненных вёсак, застаецца заўжды з намі. Мы помнім іх ахвярнасць, помнім подзвіг воінаў-вызваліцеляў Чырвонай Арміі, партызан і падпольшчыкаў і перададзім гэтую памяць наступным пакаленням, каб такое ніколі больш не паўтарылася.
Па матэрыялах кнігі «ПАМЯЦЬ. Шумілінскі раён» падрыхтаваў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.