Чорт паблытаў на старасці
Здарэнне адбылося ў адной з вёсак раёна. Фігурантамі крымінальнай справы сталі дзве бабулі: пацярпелай – амаль 70 год, падазронай – крыху больш за 70.
Марыя Іванаўна прыйшла ў госці да Анастасіі Пятроўны (імёны зменены па этычных меркаваннях). Жанчыны больш за 20 год сябравалі, хадзілі адна да адной у госці, дзяліліся сямейнымі тайнамі. Вось і на гэты раз Марыя Іванаўна пад вечар прыйшла да сяброўкі, пасядзелі, паразмаўлялі, калі пачало змяркацца, пайшла дадому. Праз некаторы час Анастасія Пятроўна на падлозе ўбачыла кашалёк сяброўкі, адкрыла яго і забрала 300 рублёў.
Назаўтра Анастасія Пятроўна цэлую раніцу супакойвала сяброўку, у якой зніклі апошнія грошы, а да пенсіі яшчэ далёка.
«У рэшце рэшт Марыя Іванаўна патэлефанавала ў міліцыю, –расказвае следчы Шумілінскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Людміла Данілава. – Грошы шукаць доўга не прыйшлося, Анастасія Пятроўна ва ўсім прызналася і пачала прасіць прабачэнне ў сяброўкі».
Зараз сталым кабетам замест таго, каб размаўляць па вечарах аб жыцці-быцці, прыходзіцца ўспамінаць падрабязнасці таго злашчаснага вечара. Анастасія Пятроўна свой учынак растлумачыць не можа:
– Чорт паблытаў на старасці… Жанчына спадзяецца, што суд не прызначыць ёй максімальнае пакаранне (а гэта тры гады пазбаўлення волі), прадугледжанае заканадаўствам за злачынства. Тым больш, што і грошы вярнула, і сяброўка паабяцала на судзе папрасіць за яе…
Аляксандр ШЭДЗЬКО