«Алё, вам тэлефануюць з салона сувязі…»
Кіберзлачынцы працягваюць прыдумваць усё новыя камбінацыі і падманы для завалодвання банкаўскімі дадзенымі грамадзян і прысваення грошай.
«Алё, вам тэлефануюць з салона сувязі МТС, – пачула 73-гадовая жыхарка раёна, прыклаўшы да вуха мабільнік. – У вас закончыўся тэрмін дзеяння сім-карты, трэба прадоўжыць дагавор. Для зручнасці прапануем гэта зрабіць па тэлефоне, зараз дашлём вам анкету для запаўнення».
Жанчына без падазрэнняў запоўніла анкету, дзе ўказала пашпартныя дадзеныя. У працэсе размовы высветлілася, што “на тэлефоне запазычанасць”, трэба пакласці мінімальную суму. Гэта “работнікі сувязі” прапанавалі зрабіць з дапамогай банкаўскай карткі, абяцаючы дапамагчы.
Для гэтага, вядома, ёй трэба было назваць рэквізіты… Праз некалькі хвілін усе грошы з карткі (1150 рублёў) зніклі.
«Толькі ў лютым у Шумілінскі РАУС звярнулася 10 чалавек, якім патэлефанавалі злодзеі, – расказаў оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку РАУС Максім Васільеў. – Многія былі абачлівымі і адразу спынілі размову. Двое «трапілі на вудачку», пазбавіўшыся грошай. Памятайце: прадстаўнікі мабільных аператараў не тэлефануюць абанентам на месенджары, не выкарыстоўваюць замежныя нумары, не просяць змяніць паролі.
Персанальныя дадзеныя ніколі не ўдакладняюцца па тэлефоне, гэта можна зрабіць толькі пры асабістым наведванні салона сувязі».
Ларыса ЗАЙЦАВА.