Пазнаёміліся з «Альянспластрэсурсам»
Сакавік з’яўляецца ў Беларусі месяцам прамысловага турызму.
Прамысловы турызм – адзін з самых вядомых брэндаў Беларусі. Беларускія прадпрыемствы прапануюць розныя фарматы работы з турыстамі: праводзяць дні адкрытых дзвярэй, прафарыентацыйныя экскурсіі, укараняюць новыя тэхналогіі экскурсійнага абслугоўвання. Беларуская прадукцыя вядома далёка за межамі краіны, таму не толькі беларусам, але і замежным гасцям цікава ўбачыць, як яна вырабляецца.
Адным з прадпрыемстваў, якое актыўна развівае прамысловы турым, у нашым раёне з’яўляецца ТАА «Альянспластрэсурс». «Апошнія пяць год да нас на экскурсіі рэгулярна прыходзяць вучні СШ № 2 г. п. Шуміліна, падчас канікулаў прыязджаюць дзеці са школьных аздараўленчых лагераў», – расказвае галоўны бухгалтар прадпрыемства Алена Васіна.
На мінулым тыдні на экскурсію на «Альянспластрэсурс» завіталі дзесяцікласнікі СШ № 2.
– Наша прадпрыемства пачало працаваць у 2014 годзе, – пачала экскурсію Алена Васіна. – Вырабляем пластмасавую тару-ўпакоўку розных памераў, колераў і дызайну для харчовых прадуктаў. Прадукцыю прадаём у Расійскую Федэрацыю, Казахстан, Узбекістан і іншыя краіны. Сярод беларускіх пакупнікоў такі вядомы вытворца харчовых прадуктаў, як «Санта-Брэмар».
Школьнікі на ўласныя вочы паглядзелі, як вырабляецца прадукцыя. Сучаснае абсталяванне і робаты, безумоўна, зацікавілі падлеткаў, таму і пыталіся ў экскурсавода пра нюансы вытворчасці. Экскурсавод адзначыла, што на прадпрыемстве працуюць 52 чалавекі, якія зарабляюць годную заработную плату, ім гарантаваны поўны сацыяльны пакет. «Калі ёсць жаданне працаваць і зарабляць грошы, то вам да нас, – падкрэсліла галоўны бухгалтар. – Gрымем і без спецыяльнай адукацыі, вывучым на рабочыя прафесіі прама на прадпрыемстве».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.