Прыйшла вясна – дарогі просяць увагі
Тэма стану дарог стала самай актуальнай падчас «прамой лініі», якую старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык правёў у мінулую суботу, 15 сакавіка. З 7 паступіўшых званкоў пяць тычыліся менавіта дарог.
Першай патэлефанавала жыхарка вёскі Дабея і папрасіла адрамантаваць дарогу да воінскага пахавання. Кіраўнік раёна тут жа паставіў задачу дырэктару УП ЖКГ Аляксею Шпакаву, які прысутнічаў на «прамой лініі», запланаваць работы пры наступленні спрыяльнага надвор’я.
На нездавальняючы стан грунтовай дарогі па вуліцы Набярэжнай у Амбросавічах паскардзіўся і жыхар аграгарадка. Патэлефанавалі таксама жыхары вуліцы Зялёнай райцэнтра і завулка Зялёны вёскі Каравайніца і таксама папрасілі ўдзяліць дарогам пільную ўвагу. Начальнік ДРБУ-204 Уладзімір Раманаў да слова заўважыў, што сёлета ў Каравайніцы запланавана і асфальтаванне другой паловы цэнтральнай вуліцы.
Жыхар вёскі Купніно патэлефанаваў старшыні райвыканкама, каб выказаць падзяку УП ЖКГ раёна за работу па рамонце дарогі ў вёсцы («Зрабілі ў мінулым годзе многа, дзякуй вялікі»), але ж разам з тым папрасіў па магчымасці крыху падправіць.
«Паглядзім, вывучым сітуацыю, наколькі абгрунтавана ваша просьба», – запэўніў Сяргей Аляксандравіч. Сяргей Галынчык у размове з кіраўнікамі раённых дарожнай і камунальнай службаў пацікавіўся планамі па дарогах на бягучы год і на бліжэйшы час.
Званок ад жыхара вёскі Цаўі тычыўся якасці вады ў яго прыватных калодзежах. Старшыня райвыканкама паабяцаў накіраваць для правядзення аналізу вады санітарную службу (між іншым, працэдура для ўласнікаў калодзежаў платная).
Апошні званок паступіў з Язвіна. Жыхарка арэнднай кватэры шматпавярховага дома паскардзілася на вялікую вільгаць у жылых пакоях і зацяканне даху і папрасіла ў кіраўніка раёна дапамогі вырашыць яе пытанне. Сяргей Аляксандравіч паставіў задачу раённым адказным службам выехаць камісійна, высветліць прычыны і выправіць сітуацыю.
Па ўсіх паступішых на «прамую лінію» пытаннях вызначаны адказныя службы і тэрміны для вырашэння. З вынікамі праведзенай работы заяўнікі будуць азнаёмлены.
Алена КАРПУШЭНКА.