Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць гістарычнай місіяй зрабіць працэс інтэграцыі Беларусі і Расіі неабарачальным. Аб гэтым ён заявіў 14 сакавіка ў сваім выступленні ў Савеце Федэрацыі ў ходзе афіцыйнага візіту ў Расію, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Наша з вамі гістарычная місія — зрабіць працэс беларуска-расійскай інтэграцыі неабарачальным. Мы гэты шлях пройдзем дастойна», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
У развіццё тэмы Прэзідэнт выказаўся наконт некаторай шуміхі, узнятай у сувязі з назначэннем у Беларусі новага складу ўрада. «Навошта ўзнімаць гэту буру? Прыйшоў новы прэм’ер, міністры талковыя. Выключна новае пакаленне — я гэта абяцаў, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Я абяцаў — я зрабіў».
Ён нагадаў, што на працягу некалькіх гадоў вядзецца падрыхтоўка новага пакалення талковых упраўленцаў для работы ў дзяржаўнай сістэме. Для гэтага праведзена планамерная, сістэмная работа. Многіх перспектыўных спецыялістаў Прэзідэнт наўмысна накіроўваў на работу бліжэй да зямлі, да людзей, каб у дадатак да сваіх тэарэтычных ведаў эканомікі яны набіраліся практычнага вопыту на пасадах міністраў, губернатараў. Адзін з такіх прадстаўнікоў новай плеяды ўпраўленцаў — цяперашні прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. А ў цэлым увесь новы склад урада сфарміраваны з прадстаўнікоў новага пакалення.
«Гэта людзі, адданыя нашай палітыцы. Ведаюць, што такое Расія, наш агульны рынак — больш як палову (сваёй прадукцыі. — Заўвага БЕЛТА) мы прадаём перш за ўсё ў Расію. А рынкі — гэта галоўнае», — ахарактарызаваў урад кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі аб’яўлена пяцігодка якасці, на працягу якой неабходна «дашліфаваць эканоміку». Праводзячы аналогію, Прэзідэнт дадаў: «Нам трэба дашліфаваць нашы адносіны (паміж Беларуссю і Расіяй у Саюзнай дзяржаве. — Заўвага БЕЛТА). Трэба стварыць (зрабіць гэты саюз такім. — Заўвага БЕЛТА) так, каб беларусы, знаходзячыся на гэтым разломе (геапалітычным паміж Усходам і Захадам. — Заўвага БЕЛТА), не глядзелі ў бок Захаду, налева-направа».