Ад запчастак – да вадзіцельскіх правоў
У цэнтры ўвагі супрацоўнікаў РАУС – аграпрамысловы комплекс. Напярэдадні пасяўной ён знаходзіцца на асаблівым кантролі – міліцыянеры праводзяць рэйды-праверкі.
У адзін з іх разам з участковым інспектарам РАУС Фёдарам Пастаялкіным, які ў адказе за Светласельскі сельсавет, і інспектарам па адміністрацыйнай практыцы ДАІ РАУС Аляксандрам Багданавым выехала і карэспандэнт раённай газеты.
Асаблівая ўвага на мехдвары ААТ «АграБаравінка» – тэхніцы, якая будзе задзейнічана падчас пасяўной кампаніі.
«Асноўная задача супрацоўнікаў РАУС – прафілактыка крадзяжоў таварна-матэрыяльных каштоўнасцей, – адзначыў участковы. – Трэба зверыць сельгасмашыны і агрэгаты са спісам. Праверыць, ці знаходзіцца тэхніка на балансе прадпрыемства».
Парушэнняў не выяўлена.
Супрацоўнікі РАУС пацікавіліся тэхнічным станам сельгасмашын, афармленнем дакументацыі, арганізацыяй вартавой аховы, наяўнасцю запчастак і вадзіцельскіх правоў, якія, дарэчы, у вадзіцеляў і механізатараў былі ў парадку. Разам з тым выяўлены і недахопы: патрабуе рамонту сцяна аднаго з арачнікаў на мехдвары, трэба ўстанавіць запоры на варотах, прывесці ў парадак бензакалонку і агароджу вакол. Аляксандр Багданаў заўважыў, што на некаторых прычапных і навясных агрэгатах трэба тэрмінова замяніць святловяртальныя элементы.
«У першай дэкадзе сакавіка супрацоўнікі РАУС праверылі мехдвары і склады ўсіх сельгаспрадпрыемстваў, – аналізуе сітуацыю па раёне начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Павел Трафімаў. – У кожнай гаспадарцы былі выяўлены парушэнні. Асноўныя з іх – захламленасць вытворчых памяшканняў; адсутнасць асвятлення на тэрыторыі мехдвароў, фермаў і складоў; агароджа, якая патрабуе рамонту. Супрацоўнікі РАУС мелі на мэце выявіць праблемныя сітуацыі і тым самым папярэдзіць крадзяжы. Кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў накіраваны прадстаўленні аб выпраўленні на працягу месяца прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць здзяйсненню правапарушэнняў».
Рэйды па аб’ектах АПК прадоўжацца і падчас пасяўной кампаніі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.