СШ № 1 г. п. Шуміліна стала пляцоўкай для правядзення першага раённага форуму педагагічных класаў «Будзем рабіць умела настаўніка справу», арганізатарам якога выступіў аддзел па адукацыі райвыканкама.
Педагагічныя класы працуюць у шумілінскіх СШ № 1 і СШ № 2, Обальскай СШ. Менавіта яны павінны стаць той крыніцай, якая будзе папаўняць маладымі кадрамі ўстановы адукацыі раёна.– Вельмі хочацца, каб ваш выбар прафесіі настаўніка стаў свядомым, –адзначыла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Талстая. –Вы, заўтрашнія педагогі, у нефармальнай абстаноўцы паразмаўляеце з вопытнымі і маладымі настаўнікамі, пакажаце сваё бачанне таго, якім павінен быць сучасны педагог. Упэўнена, што сустрэча будзе напоўнена цікавымі адкрыццямі.
Форум прайшоў у форме дзелавой гульні-конкурсу з элементамі интэрактыўных пляцовак і заданняў, а завяршыўся імправізаванай дыялогавай пляцоўкай, дзе размову вялі заўтрашнія і сённяшнія педагогі. Спектр тэм быў самы разнастайны.
Члены трох каманд – СШ № 1, СШ № 2 і Обальскай СШ – прэзентавалі сябе ў якасці будучых педагогаў, разбіралі праблемныя пытанні і шукалі выйсце са складаных педагагічных сітуацый. У найбольш цяжкіх пытаннях на дапамогу прыходзілі і маладыя спецыялісты, і вопытныя педагогі, і ветэраны педагагічнай працы. Па выніках усіх заданняў лепшы вынік паказала каманда СШ № 1.
Вучні педагагічных класаў яшчэ раз пераканаліся, што яны не памыліся са сваім выбарам стаць настаўнікамі. Напрыканцы мерапрыемства большасць з іх прызналася, што будуць паступаць у педагагічныя ВНУ.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.