І сніцца нам трава каля дома…
Хто адкажа за вясеннія пажары?
Цёплае і сухое сакавіцкае надвор’е стала прычынай росту колькасці ўзгаранняў у прыродных экасістэмах. Ратавальнікі папярэджваюць: з-за выпальвання сухой травы гараць дамы і пабудовы!
Да слова, з пачатку года ў прыродных экасістэмах Віцебшчыны зарэгістравана 48 загаранняў травы і кустоў (за аналагічны перыяд 2024 года – 7). У нашым раёне леснікі выязджалі на тушэнне сухой травы ў лясным масіве каля вёскі Ставіца Мішневіцкага сельсавета.
Як паказвае практыка, менавіта бяспечнасць, а часам і наўмыснае грэбаванне правіламі бяспекі з боку людзей прыводзяць да ўзнікнення вясенніх пажараў. Невыкананне правілаў пажарнай бяспекі пры навядзенні парадку на падворках, а часам і ўсвядомленае выпальванне сухой расліннасці, неасцярожнае абыходжанне з агнём пры развядзенні вогнішчаў прыводзяць да трагічных наступстваў – у вогненную пастку трапляюць гаспадарчыя пабудовы, жылыя дамы, лясныя масівы, ствараецца пагроза для жыцця і здароўя людзей.
«У Беларусі выпальванне сухой расліннасці забаронена законам, – падкрэсліў першы намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Алег Даніловіч. – Згодна з артыкулам 16.40 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за незаконнае выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама іржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі палаў аматары-шкоднікі навакольнагаасяроддзя могуць атрымаць штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. За развядзенне вогнішча ў забароненых месцах законам прадугледжаны штраф да 12 БВ. А ў выпадку ўчынення ўрону ў асабліва буйным памеры дык і наогул наступае крымінальная адказнасць».
Каб навядзенне парадку на падворку не абярнулася трагедыяй, шумілінскія ратавальнікі раяць быць вельмі асцярожнымі з агнём і строга выконваць правілы бяспекі.
Самае галоўнае правіла: разводзіць кастры можна толькі ў бязветранае надвор’е! Месца, дзе плануеце спальваць сабранае смецце, павінна знаходзіцца на бяспечнай адлегласці ад гаспадарчых пабудоў, а таксама лясных масіваў і тарфянікаў. Вогнішча варта абкапаць. Неабходна запасціся вёдрамі з вадой, рыдлёўкай ці вогнетушыцелем і ні на секунду не пакідаць агонь без нагляду. Пасля заканчэння спальвання вугалі праліць вадой да поўнага спынення тлення.
Калі ж агонь выйшаў з-пад кантролю, неадкладна выклікаць ратавальнікаў па нумарах 101 ці 112.
Алена КАРПУШЭНКА.