Біятлон
Цудоўна выступіла на адкрытых Алімпійскіх днях моладзі Рэспублікі Беларусь па біятлоне наша зямлячка Анастасія Цітова (першы трэнер Генадзь Салапаеў). Тры гонкі – тры золата.
У спрынце Анастасія выйграла ў другога месца 43,6 секунды. А ў масстарце перамога была яшчэ больш пераканаўчай – адрыў 1 хвіліна 11,7 секунд, прычым Анастасія Цітова зрабіла чатыры промахі, а Анастасія Ярмалкевіч, якая стала другой, адзін. Яшчэ адно золата наша зямлячка заваявала ў складзе каманды Віцебскай вобласці ў змешанай эстафеце.
Стральба
28 лютага ў фізкультурна‑аздараўленчым цэнтры прайшло першынство раёна па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі сярод мужчын, прысвечанае Дню абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
28 прэтэндэнтаў змагаліся за перамогу і прызавыя месцы. Барацьба, трэба сказаць, выдалася ўпартай. Адным з першых страляў Аляксей Іспянькоў (райвыканкам), і менавіта яго вынік доўгі час быў лепшым. «Перастрэліць» яго змог толькі Артур Давыдоўскі (ОКЗ). Дапоўніў прызавую тройку Вячаслаў Іваноў (СДЮШАР).
Валейбол
28 лютага‑2 сакавіка ў Шумілінскай СДЮШАР прайшлі гульні трэцяга тура рэспубліканскіх спаборніцтваў дзіцяча‑юнацкай валейбольнай лігі «Мяч над сеткай» сярод хлопцаў і дзяўчат 2014 года нараджэння і маладзей.
На валейбольнай пляцоўцы змагаліся валейбалісты з Шуміліна, Глыбокага, Мінска (дзве каманды) і Маладзечна. Валейбольная ліга сярод спартсменаў гэтага ўзросту асаблівая: паменшаная пляцоўка, на якой гуляюць чатыры валейбалісты (хлопчыкі ці дзяўчынкі), гульня складваецца з чатырох партый, якія гуляюцца да 15 ачкоў.
На рахунку шумілінскай каманды адна перамога, дзве нічыі і адно паражэнне, у трэцім туры мы занялі трэцяе месца. Для таго, каб выйсці ў фінал, трэба быць у чацвёрцы мацнейшых. Усё вырашыць апошні чацвёрты тур, які пройдзе ў Маладзечне ў сакавіку.
КАМЕНТАРЫЙ ТРЭНЕРА ШУМІЛІНСКАЙ КАМАНДЫ ЛЮБОВІ БАБОВАЙ: Канечне, хацелася ў родных сценах сыграць лепш. Хлопцы і дзяўчаты не зусім справіліся з хваляваннем, усётакі выступаць перад роднымі і знаёмымі, нягледзячы на іх гучную падтрымку, складана. Вельмі добра, што мы ўдзельнічаем у такой лізе: з такіх спаборніцтвах вырастаюць сапраўдныя валейбалісты‑прафесіяналы. Пастараемся ў Маладзечне паказаць максімальны вынік, і далей змагацца за самыя высокія месцы ў рэспубліцы.
Вавінам в’ет во дао
Выхаванцы аб’яднання па інтарэсах «Вавінам в’ет во дао» РЦДіМ удельнічалі ў кубке Мінска па вавінам в’ет во дао і занялі выніковае трэцяе каманднае месца.
На рахунку шумілінскіх спартсменаў тры першыя месцы – Арцём Смірноў, Ілья Сторажаў і Ульяна Багдановіч, другія месцы – Кірыл Сойка, Глеб Лашкоў, Ганна Асяпёнак, Максім Маскалькоў, Іван Даніловіч, Ксенія Лясняк і Марыя Яскевіч, трэцімі сталі Расціслаў Асіпкоў, Кірыл Круглікаў, Марат Куляшоў, Яна Багдановіч і Цімур Цімошчанка.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.