Зроблена ў Мішкавічах. З душой
Чалавек павінен мець вялікі кругагляд і вучыцца ўсё жыццё – перакананы наш даўні чытач Валерый ПРЫГУН з Мішкавіч.
Ён усё жыццё круціў абаранку – працаваў вадзіцелем у калгасе «Ленінскі прызыў», потым перасеў на вялікагрузны аўтамабіль і калясіў па Еўропе. А тры гады таму, калі выйшаў на заслужаны адпачынак, захапіўся разьбой па дрэве і пачаў ствараць прыгожыя рэчы. Раней і падумаць не мог, што калісьці будзе гэтым займацца – напэўна, інтарэс перадаўся ад сваяка па бацькавай лініі, які жыў у Макраках і рабіў на заказ вяскоўцам драўляныя сталы, тумбачкі, лаўкі.
Сваяку было цяжэй, лічыць Валерый Іосіфавіч, бо ўсе эскізы і разлікі прыходзілася трымаць у галаве ці на паперы, раней жа не было інтэрнэту,
дзе мноства падказак. Там Валерый знаходзіць ідэю, якая служыць асновай для будучай падзелкі, але яе ўдасканальвае на свой манер і густ.
Усё пачалося з падносаў і кухонных дошак, якія вырабляў з ясеню. Усім спадабаліся – імі з за давальненнем карыстаюцца дзеці, сябры, сваякі. Потым замахнуўся на драўляныя свяцільнікі для прыхожай і веранды, зрабіў лаўкі
з узорамі, пабудаваў альтанку са сталом, у якой любіць адпачываць уся сям’я (прыязджаюць з горада дзеці і ўнукі). Двор Прыгуноў упрыгожваюць
драўляны калодзеж, навясныя вёдры і падстаўкі для кветак, веласіпед. За
агародам – шпакоўні для трох птушыных сем’яў.
А каля самых веснічак стаіць млын – гордасць гаспадара. Усе вырабы зроблены акуратна, з душой. І не скажаш, што майстрамсамавучкай. Цяпер дзеці і ўнукі ведаюць, што дарыць свайму бацьку і дзядулю – яго майстэрня
папоўнілася тарцовачнай пілой, шліфавальнай машынкай, лобзікам, дрылем, стругальным станком і многімі іншымі прыладамі для апрацоўкі драўніны.
«Калі пачаў займацца вырабамі з дрэва, гэта мяне вельмі захапіла, – кажа Валерый Іосіфавіч. – Імпанавала тое, што адразу пачало атрымлівацца. Няхай спачатку і не вельмі ідэальна. З драўнінай у мяне няма праблем, бо родны брат Анатоль трымае пілараму і дае мне матэрыял для вырабаў. Самыя падатлівыя – ліпа, бяроза і ясень, больш даўгавечныя – смалістыя пароды. Самае складанае для апрацоўкі дрэва – гэта дуб.
Выраб падзелкі пачынаецца з выбару драўніны, у кожнай з іх сваё прызначэнне. Пры рабоце ўлічваюцца асаблівасць матэрыялу і формы вырабу. Важна засяроджанасць увагі, дакладнасць рухаў, неабходна адчуваць сілу супраціўлення дрэва, ціск інструментаў і накірунак іх рухаў. Працую не спяшаючыся, без мітусяніны, захоўваючы тэхніку бяспекі. Працэс прыносіць
задавальненне, я заражаюся пазітыўнай энергіяй. Так што кожнаму чалавеку, які выйшаў на заслужаны адпачынак, раю знайсці сабе занятак па душы, а не сядзець гадзінамі на канапе каля тэлевізара. Хобі ўздымае настрой, павышае самаацэнку».
Валерый Прыгун зараз абдумвае падзелку для вулічных кветак (іх вырошчвае жонка), адчувае сябе шчаслівым і запатрабаваным.
Ларыса ЗАЙЦАВА.