Сустрэча пакаленняў
Прафсаюзная арганізацыя Шумілінскай ЦРБ арганізавала сустрэчу розных пакаленняў медыкаў, на якую запрасіла выпускнікоў шумілінскіх СШ № 1 і СШ № 2, якія плануюць паступаць у медыцынскія навучаныя ўстановы.
Вядучая мерапрыемства кіраўнік прафсаюзнай арганізацыі Зінаіда Сцержанкова заўважыла, што мэта сустрэчы – пазнаёміць будучых медыкаў з калегамі, якія раскажуць пра сваё жыццё ў прафесіі, каб умацаваць жаданне выпускнікоў прысвяціць сябе гэтай дзейнасці.
Пачаткам для размовы стаў расказ пра дынастыю шумілінскіх медыкаў Масько, агульны стаж якой у медыцыне налічвае каля 200 гадоў. Прадстаўнік сям’і Віталь Масько расказаў пра свайго дзеда Іосіфа Масько, які пачаў працаваць фельчарам на тэрыторыі раёна яшчэ ў пачатаку ХХ стагоддзя. Яго справу прадоўжылі дачка Лізавета і сын Цімафей. Бацькі Віталя Цімафеевіча зубны фельчар Цімафей Масько і ўрач-тэрапеўт Кацярына Палоўнікава добра вядомыя старэйшаму пакаленню шумілінцаў. Медыцыне прысвяцілі жыццё брат Віталя Цімафеевіча Уладзімір і пляменнік Максім. Усяго дынастыя Масько налічвае 9 медыкаў, якія працавалі і працуюць у гэтай галіне.
Размову прадоўжылі ветэраны Шумілінскай ЦРБ Віктар Улюценка, Аляксандра Пальвінская, якія падзяліліся ўспамінамі пра пасляваеннае пакаленне: Вікторыю Дунке, Кацярыну Палоўнікаву, іншых медыцынскіх работнікаў, што фарміравалі і ўмацоўвалі галіну ў 1950х-1970х гадах. Расказалі пра сваю вучобу ў Віцебскім медінстытуце.
Маладое пакаленне медыкаў прадставілі Святлана Прыгун і Лаліта Шкулава, якія з’яўляюцца ўраджэнцамі раёна і пасля вучобы вярнуліся працаваць на радзіму.
Старшакласнікі расказалі пра свае планы, напрамкі медыцыны, якія яны хацелі б абраць. Ну, а ўсе ўрачы падтрымалі выпускнікоў у правільнасці выбару прафесіі, якая складаная, часам цяжкая, але вельмі цікавая і высакародная.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.