В Шумилинском районе День памяти воинов-интернационалистов отметили митингами и тематическими встречами

Главное Общество

«Рубцом  на  сэрцы  лёг  Афганістан»

У Шумілінскім раёне Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў адзначылі мітынгамі і тэматычнымі сустрэчамі

36 гадоў таму закончылася нікім і нікому не аб’яўленая, гераічная і трагічная вайна ў Афганістане, якая доўжылася дзевяць гадоў, адзін месяц і 19 дзён. Праз Афганістан прайшло каля мільёна савецкіх салдат, у тым ліку каля 30 тысяч ураджэнцаў Беларусі…

Паціху зажылі раны, узмужнелі салдаты і афіцэры, але памяць пра далёкую афганскую вайну жывая, сцерці яе не могуць ні час, ні адлегласць, нагадалі вядучыя мерапрыемства каля памятнай дошкі Віктара Угнявёнка, які загінуў у Афганістане, на якое сабраліся кіраўніцтва раёна, члены раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў ветэранаў Узброеных Сіл, прадпрыемстваў, вучні СШ № 2 г. п. Шуміліна, мясцовыя жыхары.

«Мы сабраліся разам, гэта яшчэ раз пацвярджае наша адзінства, – адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. – Сёння мы ўшаноўваем людзей, якія ваявалі ў Афганістане. У нас дастойныя воіны-інтэрнацыяналісты, якія заўсёды побач і гатовы працягнуць руку дапамогі. Толькі той, хто пабываў на вайне, востра адчувае, як сёння неспакойна на планеце.

Да дабрачыннай акцыі “Спіна да спіны” далучыліся і прадстаўнікі раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” – мы дапамагаем рэгіёнам Расійскай Федэрацыі, пацярпелым ад баявых дзеянняў, прадуктамі харчавання і рэчамі першай неабходнасці».

Пра воінскі доўг, Узброеныя Сілы Беларусі гаварыўначальнік адасобленай групы Бешанковіцкага АРВК Андрэй Собін. Ён пажадаў хлопцам-старшакласнікам быць дастойнымі подзвігу воінаў-афганцаў.

Памяць Віктара Угнявёнка ўшанавалі хвілінай маўчання, да памятнай дошкі ляглі кветкі.

Іх яднала афганскае братэрства

Урачыстасці прадоўжылі ся ў Скверы воінскай славы. Вядучыя расказалі, як савецкія воіны-інтэрнацыяналісты ў цяжкіх умовах баявога жыцця, удалечыні ад дома, штохвілінна падвяргаючыся небяспецы і смерці, праяўлялі свае лепшыя чалавечыя якасці. Яны выконвалі свой воінскі доўг на горных заставах, у паветры і на зямлі, выцягвалі з поля бою параненых, прыкрывалі адыход баявых таварышаў і пры гэтым заўсёды былі верныя прысязе. Гэтыя словы – найперш пра нашых землякоў, якія не вярнуліся з афганскай вайны – маёра Анатоля Скобава, старшага лейтэнанта Віктара Угнявёнка, малодшага сяржанта Івана Сокалава, прапаршчыка Пятра Чуркіна. Пра баявы шлях кожнага з іх расказалі члены ваенна-патрыятычнага клуба «Юны гвардзеец» СШ № 1 г. п. Шуміліна і ў імя памяці паставілі лампадкі да стэлы з імёнамі герояў.

«Мы з вялікай павагай адносімся да тых, хто аддаў свой інтэрнацыянальны доўг, хто праявіў мужнасць, гераізм і салдацкую згуртаванасць, – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч. – Нізкі вам паклон, воіны-інтэрнацыяналісты, і вялікі дзякуй за тое, што вы сёння з’яўляецеся прыкладам для падрастаючага пакалення».

Хвіліна маўчання. Да помніка кладуцца вянкі, гірлянды, кветкі.

«Давайце, сябры, будзем разам трымацца!»

Пасля мітынгу прысутных запрасілі ў Шумілінскі гісторыка-краязнаўчы музей на тэматычную сустрэчу «Давайце, сябры, будзем разам трымацца!».

Старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Васіль Карпушэнка ўручыў воінам-інтэрнацыяналістам граматы і юбілейныя медалі «80 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў». Павіншаваць ветэранаў-афганцаў прыйшлі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.

Увазе ўсіх прысутных быў прапанаваны дакументальны фільм пра афганскую вайну. Патрыятычную атмасферу дадалі афганскія і ваенныя песні. Іх падпявала ўся зала. І ў гэтым таксама адчувалася адзінства нашых поглядаў: мы за мір на зямлі!

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *