Ацяпленне ад разеткі: попыт расце
Як абаграваць свой дом – справа асабістая. І калі жыхарам шматкватэрных дамоў з цэнтралізаваным ацяпленнем думаць пра гэта не трэба, то ў гаспадароў прыватных дамоў варыянты ёсць. Традыцыйна найбольш распаўсюджанымі з’яўляюцца пячное ацяпленне, ацяпленне з дапамогай катла на цвёрдым паліве альбо газавае ацяпленне.
У апошні час набывае папулярнасць ацяпленне з дапамогай электрычнасці. Такі спосаб набыў актуальнасць пасля ўводу ў эксплуатацыю Беларускай атамнай электрастанцыі.
У 2019 годзе такая магчымасць з’явілася і на Шуміліншчыне. Па словах начальніка Шумілінскага раённага вытворча-збытавога ўчастка філіяла «Энергазбыт» РУП «Віцебскэнерга» Івана Андрэева, у 2024 годзе 143 гаспадары пачалі выкарыстоўваюць электрычнасць для ацяплення дамоў і гарачага водазабеспячэння. Усяго такіх абанентаў у раёне 340.
Мадэрнізаваныя электрасеткі – шансы і магчымасці
З чаго пачынаць? Найперш трэба завітаць у раён электрычных сетак і атрымаць узгадненне аб тэхнічнай магчымасці правядзення работ. «Шмат электрасетак, асабліва ў сельскай мясцовасці, праектаваліся ў 60-90-я гады мінулага стагоддзя, калі ў дамах быў мінімальны набор электрапрыбораў, – расказвае начальнік РЭС Уладзімір Волкаў. – Сёння сярэднестатыстычны набор электрапрылад практычна ў кожным доме даволі ўнушальны: тэлевізар, мікрахвалёўка, пральная машына, камп’ютар, пыласос… Вось і атрымліваецца, што электрычныя сеткі не вытрымліваюць нагрузкі…».
Усяго ў мінулым годзе РЭС выдаў 201 тэхнічную ўмову для правядзення рэканструкцыі з мэтай электраацяплення, чатыром гаспадарам было адмоўлена. Пры прыняцці выніковага рашэння ўлічваецца і стан электрасетак, і адлегласць ад падстанцыі, і таўшчыня правадоў, і агульная нагрузка ўсіх спажыўцоў электраэнергіі на лініі электраперадачы.
Начальнік вытворча-тэхнічнай групы РЭС Ігар Лапавухаў дадае, што нюансаў вельмі шмат, бо трэба ўлічыць усё, каб была не толькі бесперапынная падача электраэнергіі, а і напружанне ў сетцы не зніжалася. Што тычыцца геаграфіі падключэння дамоў да электраацяплення, то яна самая разнастайная: найбольш, зразумела, – Шуміліна (56 гаспадароў), па 15 – у Мішневічах і Добрыне.
«Наша прадпрыемства на працягу апошніх год актыўна праводзіць рэканструкцыю электрычных сетак, – працягвае Ігар Лапавухаў. – У Мішневічах і Добрыне большасць электрасетак мадэрнізаваны. Як вынік, грамадзяне пачалі актыўна падключаць электраацяпленне. Летась мадэрнізавалі 4,8 км электрасетак у вёсцы Грабніца, 2,2 км у вёсцы Сіроціна, 1,8 км у вёсцы Язвіна, частку вуліцы Саломенская ў Шуміліне і частку вуліцы Цэнтральная ў Каравайніцы (1,3 км). Так што ў бліжэйшы час і ў гэтых населеных пунктах колькасць абанентаў электраацяплення павялічыцца».
Работы па рэканструкцыі электрасетак прадоўжацца і сёлета. Па папярэдніх планах мяркуюць адрамантаваць 2,9 км электрасетак у вёсках Станіславова і Крыцкія, замяніць 1,1 км правадоў у Язвіне.
Як правесці ў доме электраацяпленне?
Пасля атрымання станоўчага адказу з РЭС жыхарам Шуміліна і Обалі трэба напісаць заяву ў службу «адно акно» райвыканкама на выдачу дазволу на рэканструкцыю жылога дома, а сельскім жыхарам зноў звярнуцца ў РЭС.
Пасля атрымання ў РЭС тэхнічных умоў неабходна знайсці падрадчыка, які зробіць праект рэканструкцыі і рэалізуе яго.
Калі работы будуць выкананы, неабходна звярнуцца ў «Энергагазнагляд» (знаходзіцца ў адным будынку з РЭС), каб спецыялісты правялі агляд новага электраабсталявання і выдалі дазвол на падключэнне жылога дома да электрасетак.
ВАЖНА! Каб атрымаць льготны тарыф на ацяпленне электрычнасцю, у доме павінен быць зарэгістраваны хаця б адзін чалавек, а таксама не павінна быць цэнтралізаванага цепла – і газазабеспячэння. Са студзеня 2025 года льготны тарыф на электраацяпленне 1 кВт для спажыўцоў з электраплітамі каштуе 0,1176 руб, без электрапліт – 0,0449 руб.
Дзяржава кампенсуе
Згодна з Указам № 127 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 красавіка 2020 года грамадзяне могуць атрымаць ад дзяржавы кампенсацыю пасля падключэнне жылога дома да электрычных сетак. Для малазабяспечаных і іншых сацыяльна ўразлівых катэгорый яе памер складае 40% кошту падключэння, але не больш чым 80 базавых велічынь. Для астатніх – 20%, але не больш чым 40 базавых велічынь.
Пра тое, як атрымаць кампенсацыю, падрабязна раскажуць у аддзеле архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама ці ў службе «адно акно» райвыканкама. Каб атрымаць кампенсацыю, усе работы павінны быць завершаны і дакументальна пацверджаны актам прыёмкі, які зацвярджаецца рашэннем райвыканкама. Па словах начальніка аддзела Юліі Зяньковай, летась у раёне кампенсацыю атрымалі 80 чалавек, ім вярнулі ад 400 да 2000 рублёў.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
ЯНЫ АБРАЛІ ЭЛЕКТРААЦЯПЛЕННЕ
Людміла ХАРКАВЕЦ, Обаль: Электраацяпленне правяла ў студзені мінулага года. Вельмі задаволена. Зручна, бо з работы дадому часта прыязджаю позна вечарам, і паліць грубку няма часу, ды і жадання. Пра электраацяпленне расказаў сусед. Для майго дома спатрэбілася шэсць канвектараў. Практычна ўсе работы выканала обальская фірма. Поўнасцю працэс рэканструкцыі заняў каля пяці месяцаў. 20% ад поўнага кошту мне кампенсавала дзяржава.
Аліна КОЗІК, Мікалаева: Мой дом ацяпляўся катлом на цвёрдых відах паліва. Мне 78 год, і ўжо цяжка прапаліць дом. Пачалі з дачкой падбіраць варыянты. У вёсцы даволі шмат хто перайшоў на электраацяпленне, таму і мы вырашылі паспрабаваць. РЭС выдаў нам дазвол, і ўсё завярцелася. З-за таго, што ў нас у доме ўжо былі батарэі, аптымальным варыянтам стала электраацяпленне з дапамогай электракатла. Праектаваннем і ўстаноўкай займалася обальская фірма, якую параілі суседзі. Увесь працэс заняў каля трох месяцаў, абышлося нам гэта ў 4 тысячы рублёў. У пачатку снежня мы перайшлі на электраацяпленне. У бліжэйшы час звернемся ў «адно акно» для атрымання кампенсацыі.