8 лютага – Дзень  памяці  юнага  героя-антыфашыста. Вспоминает шумилинец-партизан…

80 лет Великой Победы Край шумілінскі

Фото из открытых источников носит иллюстративный характер.

Памятная дата “Дзень памяці юнага героя-антыфашыста” была зацверджана Генеральнай асамблеяй ААН у 1964 годзе і адзначаецца штогод 8 лютага. Гэты дзень пысвечаны памяці хлопчыкаў і дзяўчат, якія плячо ў плячо з дарослымі змагаліся за мір, свабоду і шчасце. Марат Казей, Валя Коцік, Лёня Голікаў, Люба Шаўцова і многія іншыя юныя героі ў гады вайны аддалі свае жыцці за наша мірнае жыццё.

На шумілінскай зямлі ў пасёлку Обаль дзейнічала маладзёжная падпольная арганізацыя «Юныя мсціўцы», члены якой унеслі свой уклад у перамогу над фашызмам, а Зіна Партнова (пасмяротна) і Фруза Зянькова сталі Героямі Савецкага Саюза.

У кнізе «ПАМЯЦЬ. Шумілінскі раён» ёсць успаміны аднаго з юных барацьбітоў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі В. В. Дзямідава, былога партызана брыгады імя У. І. Леніна, урывак з якіх мы прапануем чытачам.

 Юны партызан

«…Праз некалькі дзён на ўзлеску (канец чэрвеня 1941 каля в. Корнае – заўвага рэд.) былі ўстаноўлены тры гарматы, у лесе знаходзілася многа нашых салдат. Доўгі час я прасіў камандзіра, каб ўзялі да сябе. І вось аднойчы ён кажа мне:
– Вось мая табе парада: мы ноччу адыдзем на новыя пазіцыі. У лесе пакінем частку зброі, якую не зможам забраць. Ты пастарайся схаваць яе. Яна яшчэ можа спатрэбіцца.

Так я і зрабіў. Зброі ў мяне было шмат – ручны кулямёт, вінтоўкі, шмат патронаў. А як усё гэта пусціць у справу, я даведаўся пазней. Вясной 1942 года да нас у дом сталі прыходзіць незнаёмыя людзі. Увечары прыходзілі, аб чымсці размаўлялі, а раніцай знікалі. У адным з іх я пазнаў Антона Уладзіміравіча Сіпко. Яго напярэдадні вайны мы выбіралі ў райсавет. Не вытрымаў я аднойчы і падслухаў размову бацькі з Сіпко. Ён прасіў бацьку зрабіць некалькі ложаў да вінтовак. У бацькі быў дрэнны зрок, і ён стаў адмаўляцца. Я не вытрымаў і ўступіў у іх размову, папрасіў даверыць мне справу. Цяслярнай справе мяне навучыў бацька… Мне сталі прыносіць ствалы, а я стругаў для іх ложы, фарбаваў іх альховай карой. Усю зброю перапраўлялі ў лес да партызан. Хутка пра мой тайны занятак стала вядома старасце вёскі. Ён пагражаў адправіць мяне ў Германію. Тады я звярнуўся да Сіпко. І 1 жніўня 1942 года мяне забралі ў партызанскі атрад.

Так я стаў партызанам у 14 год, мяне залічылі ў атрад імя Варашылава, у разведку. Камандаванне атрада даручала адказныя заданні – я апранаў ірваныя штаны, фуражку ў латках і днямі прападаў на станцыі Обаль. Назіраў за рухам цягнікоў, запамінаў форму нямецкіх салдат і ўсе гэтыя звесткі паведамляў у атрад.

Мне ніколі не забыць першы ў сваім жыцці бой. Калі на мяне, маленькага партызана, ускладалася такая ж адказнасць, як і на ўсіх астатніх байцоў атрада. Было гэта ў раёне вёскі Боркавічы. Бой ішоў на шашы, і мне, прызнацца, было страшнавата. Не мог я адразу прывыкнуць і спакойна ставіцца да штохвіліннай небяспекі, раненняў сяброў, бесперапыннаму агню, гібелі людзей. Пасля таго бою, помніцца, я не стрымаўся і плакаў адзін у шалашы, але так, каб ніхто не бачыў. Але баі былі для нас часткай партызанскага жыцця, і пасля пры выкананні чарговага задання, акрамя нянавісці да ворага, жадання найхутчэйшага выгнання яго з нашай зямлі, я нічога не адчуваў. Разам з намі ў атрадзе змагалася і Зіна Партнова. Мы з ёй пасябравалі. Яна была вялікім і шчырым сябрам. Вельмі добра памятую нашу размову перад яе апошнім заданнем. Зіна казала, што калі будзе жывая пасля гэтай праклятай вайны, то стане настаўніцай і будзе ўсім дзецям расказваць пра вайну, пра подзвігі нашых людзей. Па твары яе каціліся слёзы. Яна спела сваю любімую песню “Ой, вы, коні, вы, коні стальныя”.

Летам 1944 года адбылася доўгачаканая радасная сустрэча з войскамі Чырвонай Арміі. Я вяртаўся дамоў на машыне. Раніцай дабраўся да сваёй роднай вёскі. Выйшаў на ўскраек лесу і абамлеў – пячныя трубы ды абгарэлыя сады – вось усё, што засталося ад нашай вёскі… Увечары вярнулася ў вёску сястра, якая таксама была ў партызанах. Сустрэча наша была вельмі радаснай, бо я думаў, што яна загінула… Мы пабудавалі маленькі домік, так і сталі жыць разам. А неўзабаве я пайшоў у армію…».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *