Песні юнацтва нашых бацькоў у рэпертуары маладых артыстаў
Ёсць музычныя кампазіцыі, якія заслужана атрымліваюць народнае прызнанне і нават праз дзесяцігоддзі не страчваюць сваёй папулярнасці.
Менавіта такія мелодыі гучалі ў мінулую суботу на сцэне Шумілінскага раённага цэнтра культуры, дзе праходзіў раённы конкурс маладых выканаўцаў патрыятычнай песні “Песні юнацтва нашых бацькоў”.
У кожнага з удзельнікаў у распараджэнні былі ўсяго два музычныя нумары: песня грамадзянска‑патрыятычнай тэматыкі і хіт беларускай эстрады. Пры
вызначэнні лепшага вакаліста ацэньваліся не толькі ўзровень выканальніцкага майстэрства, але і сцэнічная культура.
Уручаючы лаўрэатам дыпломы і падарункі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Руслан Матвейчук падзякаваў удзельнікам за актыўнасць, падкрэсліў, што папулярнасць конкурсу з года ў год расце, бо гэта добрая магчымасць для творчай моладзі заявіць пра сябе.
Менавіта таму без узнагарод у гэты дзень не застаўся ніхто.
У намінацыі «За артыстычнасць» узнагароду атрымала Ірына Шлыкава (Лескавіцкі СК); «За пранікнёнасць выканання» – Кацярына Радкевіч (д/с № 2), «За імкненне да вакальных вяршыняў» дыплом заваявалі Ірына Рабчаева і Анжэла Голубева (Ляжнеўскі СК‑цэнтр духоўнага выхавання), «За лепшае выкананне грамадзянска‑патрыятычнай песні» ўзнагароджана Таццяна Пясецкая (Амбросавіцкі СК), «За лепшае выкананне беларускага хіта» – Надзея Лявонава (Мішневіцкі СК), «За стварэнне сцэнічнага вобраза» дыплом заваявалі Віялета Бумажэнка і Алена Жыгалка (Обальскі ГДК), «Адкрыццё конкурсу» – Анжаліка Паўлава (Сіроцінскі СК‑бібліятэка).
П’едэстал гонару занялі Соф’я Кучко (СШ № 1) і Андрэй Трафімаў (Шумілінскі РЦК), якія падзялілі трэцяе месца. Вераніка Сакалова (Шумілінская ДШМ) і Аліна Вяеўнік (Обальская ДШМ) аказаліся на другім месцы. Пераможцам прызнаны Багдан Ушал (Шумілінскі РЦК). Яго выступленне было прасякнута асаблівым патрыятызмам. Хлопец уразіў майстэрствам выканання, хвалюючым перажываннем на сцэне, здзівіў чысцінёй выканання і прыгожым тэмбрам голасу.– Выдатна, калі ў чалавека з’яўляецца магчымасць праявіць сябе, – падзялілася ўражаннямі дэбютантка конкурсу Соф’я Кучко (СШ № 1). – Для многіх гэта тая самая магчымасць, якая дадасць упэўненасці ў сабе. Хачу выказаць словы падзякі свайму выкладчыку па музыцы Наталлі Віктараўне Філіпавай, якая дапамагла мне падрыхтавацца да конкурсу і заняць прызавое месца.
Пераможцы будуць прадстаўляць Шуміліншчыну на абласным этапе конкурсу маладых выканаўцаў патрыятычнай песні “Песні юнацтва нашых бацькоў”, які пройдзе 19 лютага ў Новалукомлі.
Вольга КОЦІКАВА, няштатны карэспандэнт.