АБМЕРКАВАНА НА ПАСЯДЖЭННІ ПРЭЗІДЫУМА РАЁННАГА САВЕТА ДЭПУТАТАЎ: Складнікі эпідэміялагічнага дабрабыту
Умовы працы, быту, адпачынку, стан медыцыны, навакольнага асяроддзя, эканамічнае развіццё рэгіёна – усё гэта ў сукупнасці з іншымі акалічнасцямі ўплывае на здароўе кожнага з нас. Як забяспечваецца санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт насельніцтва Шумілінскага раёна, – гэтае пытанне вынесена на парадак дня першага ў гэтым годзе пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое вёў старшыня райсавета Мікалай Будневіч.
З дакладам выступіла памочнік урача-гігіеніста Шумілінскага РЦГЭ Святлана Батакова. Арганізацыямі раёна праводзіцца пэўная работа па выкананні патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь «Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва», у выніку якой забяспечаны санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт насельніцтва. Санітарна-эпідэміялагічная абстаноўка на тэрыторыі раёна характарызуецца як устойлівая і кантралюемая, зазначыла дакладчык. Не зарэгістравана выпадкаў групавой і ўспышачнай захворваемасці на вострыя кішачныя інфекцыі і вірусны гепатыт А. Паказчыкі інфекцыйнай і паразітычнай захворваемасці на працягу апошніх гадоў застаюцца стабільнымі па большасці назалагічных формаў. Не рэгістравалася захворваемасць па 30 назалагічных формах (дыфтэрыя, поліяміэліт, краснуха, брушны тыф, шаленства, малярыя і інш.). Адзначаецца зніжэнне па захворванні коклюшам, ветранай воспай і інш. Паказчыкі ахопу прышчэпкамі падтрымліваюцца на аптымальным узроўні супраць мэтавых інфекцый: дыфтэрыі, поліяміеліту, коклюшу, слупняку, адзёру, эпідпаратыту, краснухі, туберкулёзу. Узровень інфекцыйнай захворваемасці насельніцтва знізіўся амаль на на 9%. Дасягненне дадзеных паказчыкаў стала магчымым у выніку правядзення РЦГЭ сумесна з іншымі дзяржаўнымі органамі і ўстановамі раёна комплексу прафілактычных і супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў.
У сувязі з распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб павышэнні эфектыўнасці работы сістэмы аховы здароўя» работа па рэалізацыі даручэнняў кіраўніка краіны была прыярытэтным напрамкам дзейнасці санітарнай службы. У сувязі з гэтым у дачыненні да ЦРБ спецыялістамі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праведзены 2 наглядныя мерапрыемствы, 45 іншых мерапрыемстваў прафілактычнага і папераджальнага характару (адміністрацыйныя абходы). Ацэнкай былі ахоплены ўсе 17 устаноў аховы здароўя (з іх 14 у сельскай мясцовасці). Парушэнні выяўлены ў 13. Дакладчык падрабязна расказала пра недахопы. Бягучыя парушэнні, заўважыла Святлана Батакова, ухіляліся ў мінімальныя тэрміны, неадпаведнасці ў частцы санітарна-тэхнічнага стану будынкаў і памяшканняў, інжынерных сістэм, абнаўлення мэблі і абсталявання, аснашчэння санітарнай вопраткай – у больш працяглыя, бо многія залежаць ад фінансавання.
У комплексе мерапрыемстваў, накіраваных на прафілактыку прафесійнай і прафесійна абумоўленай паталогіі, асаблівае месца займае арганізацыя і правядзенне папярэдніх і перыядычных медыцынскіх аглядаў працуючага насельніцтва. За 2024 год медаглядамі ахоплена 87,2% работнікаў, якія працуюць у шкодных і небяспечных умовах працы. Па іх выніках упершыню выяўлены агульныя саматычныя захворванні, якія не перашкаджаюць працягваць работу 146 работнікам. Выпадкаў вострых і хранічных прафесійных захворванняў за апошнія 10 гадоў не зарэгістравана. Разам з тым за мінулы год зарэгістраваны высокія паказчыкі часовай непрацаздольнасці.
Усе зацікаўленыя службы і ведамствы, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый павінна прадоўжыць работу па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы аб’ектаў, выкананні патрабаванняў санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства, дзеючых санітарных норм і правілаў, актывізаваць работу па фарміраванні ў насельніцтва навыкаў здаровага ладу жыцця, прафілактыцы інфекцыйных і неінфекцыйных захворванняў, захаванні і ўмацаванні здароўя людзей. Канкрэтныя задачы адзначаны ў прынятай пастанове.
Алена КАРПУШЭНКА.