Красота старинных храмов Шумилинского района

Духоўнае Край шумілінскі Спорт, туризм

Зачароўваюць веліч і хараство храмаў

У Беларусі вызначаны 13 відаў турызму, кожны месяц на працягу года прысвечаны пэўнаму віду. Студзень адкрывае нам духоўную спадчыну краіны – гэта месяц рэлігійнага турызму.

У Беларусі налічваецца каля 1400 рэлігійных аб’ектаў, у ліку самых вядомых – Спаса-Праабражэнская царква і Сафійскі сабор у Полацку, Барыса-Глебская (Каложская) царква ў Гродне, Свята-Мікольскі жаночы манастыр у Магілёве, кас-цёл Святога Яна Хрысціцеля ў Камаях і іншыя цэрквы-крэпасці, драўляныя цэрквы Палесся (усе аб’екты ўнесены ў папярэдні спіс ЮНЕСКА).

«Рэлігійны турызм – гэта спалучэнне сучаснасці і традыцый, знаёмства з гісторыяй нашай зямлі і выха-ванне патрыятызму. Можна арганізоўваць туры як па праваслаўі, так і па хрысціянстве ў цэлым, – расказвае дырэктар турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Ірына Кулікава. – Летась па маршруце «Рэлігійная Шуміліншчына» былі арганізаваны тры экскурсіі: дзве – для шумілінцаў і адна – для 50 турыстаў з Полацка. Гэты год распачнём з экскурсіі «Шуміліншчына праваслаўная» для жыхароў раёна, якую правядзём 1 лютага. Упэўнены ў неабходнасці развіваць рэлігійны турызм на Шуміліншчыне. Тым больш, што ў нас ёсць цікавыя турыстычныя аб’екты».

Ірына Уладзіміраўна адзначыла, што цэнтр плённа супрацоўнічае з духоўным праваслаўным цэнтрам Шумілінскага благачыння, які актыўна арганізоўвае падарожжы па месцах паломніцтва. 31 студзеня адбудзецца прэзентацыя кнігі дырэктара духоўнага праваслаўнага цэнтра Вячаслава Ільіна «Шумілін-шчына праваслаўная».

Некалькі слоў пра экскурсію «Рэлігійная Шуміліншчына». Падчас яе турысты наведваюць праваслаўныя храмы – царкву Свяціцеля Мікалая Цудатворцы ў Шуміліне, царкву Святога Прападобнага Сергія Раданежскага ў Лескавічах, царкву Успення Прасвятой Багародзіцы ў Пабедзе і царкву Святога Прападобнага Ануфрыя Вялікага ў Обалі, пры жаданні – каталіцкі касцёл-санктуарый Маці Божай Фацімскай у Шуміліне. Адметнасць туру ў тым, што турысты знаёмяцца з двума праваслаўнымі храмамі са шматвекавой гісторыяй і двума сучаснымі.

Храм Святога Прападобнага Сергія Раданежскага

Храм Святога Прападобнага Сергія Раданежскага ў Лескавічах з’яўляецца помнікам архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Ён мае трохчастковую кампазіцыю: двух’ярусную званіцу, цэнтральную частку і алтарную апсіду. Пабудаваны ў 1878 годзе з цэглы і бутавага каменя.

Да 1930 г. у храме вяліся богаслужэнні. Затым ён быў зачынены. У будынку знаходзіўся клуб і зернесховішча. Падчас Вялікай Айчыннай вайны быў адкрыты, богаслужэнні ў ім праводзіліся да 1962 г. Вясной 1962 г., за некалькі дзён да Святога Хрыстова Уваскрэсення, паварварску разбураны. Прыстасаваны пад склад. У дзень памяці прападобнага Сергія Раданежскага 8 кастрычніка 1990 года пакладзены пачатак абнаўленню храма. За год сіламі Віцебскай епархіі, мітрафорнага протаіерэя Антонія Дразда, прыхаджан і працоўных калектываў Шуміліншчыны храм быў адрэстаўраваны. Уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У цяперашні час з’яўляецца дзеючым храмам.

Храм Успення Прасвятой Багародзіцы

Храм Успення Прасвятой Багародзіцы ў Пабедзе – помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Аснову яго кампазіцыі складае даўгаваты аб’ём з трыма апсідамі. Над галоўным фасадам узвышаецца ярусная цыліндрычная вежа-званіца. Бакавыя фасады ўпрыгожаны пяццю аркамі. Белыя дэталі архітэктурнага дэкору кантрастуюць з чырвоным фонам сцен.

Будаўніцтва храма пачалося ў 1898 годзе, а завяршылася ў 1905-м. У 1959 годзе царква была зачынена, у 1961-м – з яе зняты купалы, будынак часткова разбураны і перабудаваны пад склад.

У 1989 годзе будынак царквы вернуты вернікам і адрэстаўраваны. Настаяцелямі царквы ў розныя часы былі протаіерэі Віталь Кісель і Уладзімір Разановіч, іерэй Аляксандр Церахаў. Іерэй Аляксандр займаўся рэстаўрацыйнымі работамі, ён жа адкрыў у Пабедзе нядзельную школу. Дзякуючы намаганням вучняў нядзельнай школы, а таксама мясцовых жыхароў была адноўлена і святая крыніца паблізу царквы, якая існавала з 17 стагоддзя, і, па павер’ях, дапамагае людзям з хваробамі вачэй. Уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. У цяперашні час з’яўляецца дзеючым храмам. Купал высокай званіцы храма Успення Прасвятой Багародзіцы прыцягвае погляды ўсіх, хто праязджае па аўтатрасе Р-20.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.

Настаяцель Свята-Успенскай царквы іерэй Вадзім ЯСКО:

– Турыстаў заўсёды цікавіць храм у Пабедзе. Ён унікальны і аналагаў не мае. Мясцовы памешчык Шосцік на будаўніцтва царквы запрасіў італьянскага майстара, які спалучыў заходні архітэктурны стыль з праваслаўным. У выніку быў узведзены велічны і прыго-жы храм. Зараз працягваем аднаўленчыя работы.

Так, у царкве 36 вокнаў. Дзякуй усім, хто ахвяраваў на аднаўленне царквы. Набыты 10 круглых вокнаў, атрымалі дазвол на іх устаноўку ў Міністэрстве культуры і вясною ўстановім. Астатнія 26 вокнаў патрабуюць рамонту ці замены, для гэтага неабходны немалыя грошы. Па пытаннях ахвяравання звяртайцеся непасрэдна да мяне (+375 29 894 87 37).

Добра, што арганізуюцца падарожжы па рэлігійных аб’ектах. Пабываўшы ў храмах, чалавек пачынае задумвацца пра вечныя пытанні і вяртаецца да сваіх вытокаў, да традыцый.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *