Заўтра – апошні дзень датэрміновага галасавання на выбарах Прэзідэнта Беларусі. Вынікі рабіць, канешне, рана, але некаторыя высновы ўжо можна агучыць. Беларусы ідуць на выбары – гэта факт! Факт другі: высокая актыўнасць іх удзелу – сведчанне сталасці грамадства, паказчык яе згуртаванасці і палітычнай адказнасці.
«Актыўна праходзіць датэрміновае галасаванне і ў Шумілінскім раёне, – расказаў старшыня раённай выбарчай камісіі Павел Загацкі. – Яўка ў першыя два дні назіралася высокая, на ўчасткі прыходзяць сем’ямі, актыўна ідуць галасаваць і маладыя людзі, і людзі сталага ўзросту».
У першы дзень датэрміновага галасавання адправіліся на свае выбарчыя ўчасткі трое маладых спецыялістаў Шумілінскага лясгаса. «Адчуваю адказнасць за будучыню краіны і хачу быць у ёй ўпэўненай, – падзялілася сваімі думкамі Вікторыя Мялешка. – Галасую за мір. Душу перапаўняюць эмоцыі, адчуваю гордасць і гонар».
Сярод тых, хто скарыстаўся правам датэрмінова прагаласаваць на сваім участку № 10 у аграгарадку Мікіціха, – дэпутат раённага Савета дэпутатаў дэлегат VII Усебеларускага народнага сходу Ларыса Ціханенка. «Да лёсу сваёй краіны нельга быць раўнадушным, – пераканана Ларыса Ісаеўна. – Удзел у выбарах – гэта грамадзянская адказнасць, якую мы нясём перад сабой, перад грамадствам і перад краінай. Я свой выбар зрабіла даўно, дык таму навошта чакаць нядзелі?».
Датэрмінова прагаласаваў і старшыня Обальскага сельвыканкама Сяргей Мураўёў. Ён прыйшоў зрабіць важны выбар разам з дачкой Дар’яй, якая вучыцца ў пятым класе і з’яўляецца юным міратворцам. «Я перакананы: дзеці павінны бачыць і разумець, што прымаць удзел у выбарах трэба абавязкова – гэта і права, і абавязак кожнага беларуса», – заўважыў Сяргей Сцяпанавіч.
Хочацца дадаць, што на многіх участках выбаршчыкі, апускаючы запоўненыя бюлетэні ў скрыні для галасавання, вымаўляюць уголас «За наша мірнае і светлае будучае!», «За квітнеючую Беларусь!».
Якім будзе будучае нашай любімай краіны – залежыць ад нашага правільнага выбару!
Датэрміновае галасаванне прадоўжыцца да 25 студзеня ўключна.
Асноўны дзень выбараў – 26 студзеня.
Мы выбіраем! Нам гэта трэба!
Алена КАРПУШЭНКА.
АЗБУКА ВЫБАРШЧЫКА
Хто можа прагаласаваць дома ў дзень выбараў?
Права галасавання на даму прадугледжана Выбарчым кодэксам краіны. Гэта датычыцца той катэгорыі грамадзян, якія па ўважлівых прычынах не могуць прыйсці на ўчастак для галасавання.
Для гэтага неабходна звярнуцца ва ўчастковую выбарчую камісію. Зрабіць гэта можна па тэлефоне, вусна, напісаць заяву асабіста і прынесці або перадаць праз знаёмых, сваякоў ці праз суседзяў. Участковая камісія на падставе гэтых заявак будзе арганізоўваць галасаванне дома ў асноўны дзень выбараў.
Такую заяўку можна падаць аж да 18.00 асноўнага дня галасавання, 26 студзеня.