Возрождаем деревню. Была старая хата — стал современный особняк

Мир увлечений Общество

Была хата – стаў сучасны прыгожы асабняк

Прыгожы дом можна не толькі пабудаваць. Можна рэканструяваць стары, зрабіць са звычайнай драўлянай хаты сучасны асабняк. У нашым раёне ёсць такія прыклады. Таццяна і Павел Дзмітрыевы з Обалі перакананы, што галоўнае ў гэтай справе – вялікае жаданне і ўмелыя рукі.

Два гады таму Дзмітрыевы купілі драўляны дом у вёсцы Ляўшы. Чаму менавіта ў Ляўшах? Спадабалася месца – на беразе ракі Обаль, ціхае, малалюднае. У вёсцы няма пастаянных жыхароў, прыязджаюць толькі дачнікі. У Паўла з Таццянай быў уласны вопыт будаўніцтва – узвялі ў Обалі свой дом. Падумалі, што і з рэканструкцыяй старога справяцца. Галоўны будаўнік-рэканструктар – гаспадар, гаспадыня называе сябе падсобным рабочым. Таццяна кажа, што падчас рамонту навучылася штрабіць швы на плітцы і замазваць іх фугай…

«Самым складаным было разабраць старыя гаспадарчыя пабудовы, – прызналіся муж з жонкай. – Разабраць, пагрузіць (маем уласны трактар), вывезці, выкарчаваць і высекчы кустоўе, разраў-няць пляцоўку – работа руцінная і марудная. Прасцей працаваць з новымі будаўнічымі матэрыяламі. Але да гэтага трэба было “дайсці”. Не адну тону пяску засыпалі пад будучую падлогу, паклалі ўцяпляльнік і арміраваную сетку, зрабілі бетонную сцяжку, потым паклалі плітку».

Пасля таго, як падлога была гатова, прыступілі да ўнутранай і знешняй аддзелкі. Але рабілі гэта паступова, па меры накаплення грошай, бо не хацелі звязвацца з крэдытам. Сцены ўнутры абабілі дош-камі (імітацыя бруса), сваімі сіламі ўставілі пластыкавыя вокны і дзверы, зрабілі перагародкі (ў доме па ўласным праекце два невялікія пакоі і гасціная). Зрабілі душ і туалет, купілі воданагравальнік, правялі каналізацыю. Непадалёк ад дома выкапалі калодзеж, адкуль з дапамогай помпы і паступае вада да кранаў у дом. У доме электраацяпленне, што даволі зручна – не трэба клапаціцца пра нарыхтоўку дроў. Майстроў выклікалі толькі каб нацягнуць столь.

Колькі патрацілі грошай на рэканструкцыю дома, Дзмітрыевы не ўзяліся падлічваць, бо не запісвалі ўсе выдаткі. Сказалі толькі, што самай нятаннай была падлога з пліткі. Самай маруднай работай для Паўла стала чыстка старога шыферу на даху, які аброс мохам. Прыйшлося працаваць уручную – чысціць металічнай шчоткай.

Дом вырашылі абкласці сайдынгам. Ля ўваходных дзвярэй зрабілі прасторную веранду, фарбаваць якую бацькам дапамагала іх 14-гадовая дачка Насця. Непадалёк ад дома на беразе рэчкі Дзмітрыевы зрабілі мангальную зону, у планах – устанавіць альтанку, зрабіць валейбольную пляцоўку.

Летам сям’я Дзмітрыевых некаторы час жыла у абноўленым доме ў Ляўшах.  Кажуць, што адпачывалі тут душой на лоне прыроды. Пабудавалі плыт, на якім плавалі па рацэ Обаль.

Павел і Таццяна Дзмітрыевы мяркуюць, што такі адпачынак будзе цікавы і іншым – таму аформілі дакументы на наданне статусу аграсядзібы. Так што ў многіх з’явілася магчымасць пабачыць мадэрні-заваны дом, адчуць цеплыню ўкладзенай у рамонт душы і ацаніць прыгажосць мясцін, якія зачаравалі абальчан.

Ларыса ЗАЙЦАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *