Профессиональный праздник. Вспоминает ветеран МЧС

Людзі і лёсы

Дапамагалі ў экстрэмальных сітуацыях

Аляксандр Буракевіч прыйшоў у пажарна-ратавальную службу ў 1991 годзе і аддаў ёй 15 гадоў.

Аляксандр Буракевіч нарадзіўся 21 студзеня 1956 года ў в. Серп Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Адвучыўся ў Пінскім гідрамеліярацыйным тэхнікуме, адслужыў у арміі, з 1978 года жыве ў Шуміліне, дванаццаць гадоў адпрацаваў механікам у Шумілінскай ПМК‑25.

“На службу мяне бралі ва ўпраўленне пажарнай аховы Упраўлення ўнутраных спраў Віцебскай вобласці, бо ў той час пажарная служба ўваходзіла ў сістэму Міністэрства ўнутраных спраў. У мяне было званне малодшага лейтэнанта, таму адразу прапанавалі пасаду начальніка складоў НЗ (недатыкальны запас – рэд.), які знаходзіўся ў Шуміліне”, – расказаў Аляксандр Іванавіч.

На складах на захоўванні была і тэхніка, і абсталяванне для тушэння пажараў.

“На звычайныя пажары выязджаць не прыходзілася, але ў экстрэмальных сітуацыях нас прыцягвалі на дапамогу, – згадвае Аляксандр Буракевіч. – Найбольш складаная сітуацыя склалася ў 2001 годзе, калі па ўсёй Беларусі гарэлі тарфянікі. Памятаю, з-за дыму ў Шуміліне некалькі дзён прайсці было складана – нічога не бачна ў некалькіх кроках. Мы выдавалі пажарнай службе пажарныя рукавы, магутныя помпавыя станцыі, якія былі на захоўванні. Былі задзейнічаны ўсе сілы, прыцягваліся на дапамогу з іншых арганізацый і тэхніка, і людзі, дапамагалі і мы. Гасіць тарфянікі вельмі складана. Па балотах раскатвалі кіламетры рукавоў, помпавыя станцыі качалі ваду, людзі працавалі бесперапынна, каб не дапусціць пашырэння ачагоў гарэння. З сітуацыяй у цэлым справіліся, але поўнасцю тарфянікі пагаслі толькі зімой”.

На захоўванні знаходзіліся запасы, неабходныя для разгортвання поўнага вайсковага батальёна: ад абмундзіравання і харчавання да зброі і тэхнікі, расказаў ветэран. «Калектыў быў невялікі – сем чалавек, спачатку былі грамадзянскія, у 1995 годзе ваенізавалі. На нашых плячах была і ахова, і абслугоўванне складоў. Перыядычна прыходзілася пераглядаць запасы, сачыць каб не псаваліся. Так, былі на захоўванні валёнкі, дык пастаянна з моллю прыходзілася змагацца”.

На пенсію А. І. Буракевіч пайшоў у 2006 у званні маёра. На заслужаным адпачынку працаваць не кінуў. “Наогул не ўяўляю, як можна сядзець у чатырох сценах і нічога не рабіць, – кажа Аляксандр Буракевіч. – Толькі ў мінулым годзе пайшоў на заслужаны адпачынак. Зараз мой занятак і захапленне – гэта пяцёра ўнукаў, якіх дапамагаю выхоўваць”. Раней жа быў яшчэ і заўзятым паляўнічым.

Па пытанне, чаго б ён пажадаў маладым ратавальнікам, Аляксандр Буракевіч сказаў: «Найперш здароўя, трымаць высока планку ратавальніка, сумленна выконваць абавязкі, быць годным чалавекам, і “сухіх рукавоў”, канешне ж».

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *