«Важна, каб дзеці верылі ў цуды, а дарослыя ажыццяўлялі іх мары»
У Обальскі дзіцячы сацыяльны прытулак у рамках акцыі «Нашы дзеці» з навагоднім візітам у аўторак, 24 снежня, прыехалі памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Сяргей Ляўковіч і старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык.
ДырэктарШумілінскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Юлія Уласевіч правяла экскурсію па вучэбных і спальных кабінетах. Сучаснае абсталяванне, утульнасць, чысціня, прафесійны падыход педагогаў і персаналу пакінулі самыя прыемныя ўражанні ў гасцей.
Пасля ў актавай зале ўсіх чакала навагодняе казачнае інтэрактыўнае прадстаўленне, якое падрыхтавалі работнікі Обальскай дзіцячай школы мастацтваў.
Высокія госці павіншавалі ўсіх прысутных з надыходзячым Новым годам, пажадалі здароўя, святочнага настрою, веры ў цуды і спаўнення ўсіх самых запаветных мар.
Сяргей Ляўковіч уручыў Юліі Уласевіч сертыфікат на набыццё інтэрактыўнай панэлі, пыласоса, праектара і халадзільніка, старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык – сертыфікат на набор мяккай мэблі. Падарункі атрымалі і ўсе выхаванцы прытулка.
Прыняць удзел у свяце, падтрымаць выхаванцаў і падарыць ім невялікія падарункі завіталі вучні Обальскай школы міру.
«Вельмі спадабалася свята, – падзяліўся Сяргей Віктаравіч. – Важна, каб нашы дзеці верылі ў цуды, загадвалі жаданні, а дарослыя ажыццяўлялі іх дзіцячыя мары, атулялі ўвагай і клопатам і рабілі іх больш шчаслівымі. Вельмі ўдзячны калектыву ўстановы за неабыякавасць, прафесійны падыход да справы і па-сапраўднаму гарачыя сэрцы».
У Обальскім сацыяльным дзіцячым прытулку ў гэтыя навагоднія дні знаходзяцца 8 выхаванцаў ад 5 да 16 год, якіх часова забралі з сямей для таго, каб бацькі прыйшлі ў пачуцці, зрабілі высновы і прынялі адпаведныя крокі па вяртанні дзяцей у біялагічныя сем’і. Пакуль што хлопчыкаў і дзяўчынак пад сваё цёплае надзейнае крыло ўзяла дзяржава.
Алена КАРПУШЭНКА.