А торцікі да Новага года прывязуць па заказе
Вывучылі асартымент аўтамагазіна на навагодні стол
У райцэнтры прадуктовых магазінаў многа – не знайшоў пэўны тавар у адным ці не задаволіла цана, пайшоў у другі. І ў прынцыпе за дзень можна атаварыцца ўсім неабходным да навагодняга стала. У невялікіх вёсках на такую “раскошу” не прыходзіцца разлічваць. У большасці населеных пунктаў аўталаўка – адзіны магазін на колах. Карэспандэнт раённай газеты падрыхтавала спіс прадуктаў і адправілася па маршруце аўтамагазіна, які ехаў па маршруце Ляхава-Будобаль-Гаравыя-Обальскі вакзал-Захарава.
Прадавец Ксенія Кабылкіна нам прапанавала гарошак і кукурузу кансерваваныя, яйкі курыныя, каўбасу (сыравэнджаную і вараную), мяса вэнжанае, курыцу замарожаную, мандарыны, хурму, яблыкі, маянэз, хлеб, батон, шакаладныя цукеркі двух гатункаў, шакаладкі. З нашага спісу ў продажы не было селядцоў, чырвонай рыбы і шампанскага.
«Падумаеш, чырвоная рыба – гэта не хлеб і не малако, і без яе можна абысціся, – усміхалася Ала Савінок з вёскі Ляхава Лаўжанска-га сельсавета. – Аўталаўкай мы задаволены: прадавец Ксенія тэлефануе загадзя, пытае, ці ёсць якія заказы. А вадзіцель Віктар Ступакоў данясе да ганка і пакеты, і мяшок з камбікормам. Да таго ж, у нас ёсць альтэрнатыва: у нашу вёску па аўторках і пятніцах прыходзіць паштовая машына, прыпыняецца акурат каля майго дома. Там можна купіць і тую ж рыбу чырвоную, і селядцы, і нават кандытарскія вырабы на выбар. Праўда, спіртное не возяць. Ну і гэта не бяда – нават калі і не давязе нам аўталаўка шампанскага, перажывём!».
У вёсцы Захарава Обальскага сельсавета людзі бралі ў асноўным прадукты штодзённага ўжытку: хлеб, малако, свежую капусту, каўбасу, булачкі з павідлам. Мясцовая жыхарка Людміла Скрабло расказала, што ў вёсцы жывуць людзі сталага ўзросту і паштовая машына сюды не прыходзіць.
Таму калі што трэба купіць тэрмінова (аўталаўка ж толькі па аўторках і пятніцах) заказваюць сацыяльнаму работніку або обальскаму паштальёну. А прадаўцу аўтамагазіна заказалі прывезці 31 снежня тарты. Ксенія Кабылкіна запэўніла, што заказ выканае абавязкова. А яшчэ прывязе фаршмак, селядцы і чырвоную рыбу.
Ларыса ЗАЙЦАВА.