Пад апекай Святога Мікалая
19 снежня праваслаўная царква святкуе Дзень памяці аднаго з самых шануемых у народзе святых – Мікалая Цудатворцы. Гэты дзень з’яўляецца прастольным святам храма Святога Мікалая ў Шуміліне, таму ў храме сабраліся жыхары райцэнтра, каб урачыстай службай адзначыць свята нябеснага апекуна нашага пасёлка.
Павіншаваць святароў і вернікаў з прастольным святам у храм зайшоў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч.
Урачыстую літургію праводзіў шумілінскі благачынны протаіерэй Фёдар Пучынскі ў саслужэнні святароў храмаў Шумілінскай акругі. Благачынны павіншаваў прыхаджан храма са святам і блаславіў іх.
Пасля літургіі клірыкі і прыхаджане абышлі храм з малітвамі ў хрэсным ходзе, ушанавалі малітвай Святога Мікалая, памаліліся за мір і спакой на нашай зямлі, за здароўе яе жыхароў.
ДАВЕДКА «ГП» Мікалай Мірлікійскі жыў у III-IV стагоддзях у горадзе Міры ў Лікіі (цяпер горад Дземрэ ў Турцыі), дзе быў архіепіскапам. За сваё жыццё здзейсніў мноства цудаў: выратаваў маракоў у падарожжы ў Александрыю, дапамог юным дачкам бедняка знайсці сямейнае шчасце, спыніў пакаранне трох нявінна асуджаных вязняў. Мікалай пражыў доўгае жыццё і спачыў у глыбокай старасці. І пасля смерці яго душа здзяйсняе добрыя справы.
У праваслаўным календары Свяціцелю Мікалаю Цудатворцу прысвечаны не адзін дзень.
Памяць святога шануецца 19 снежня – у дзень смерці, 22 мая – у дзень перанясення мошчаў Мікалая Мірлікійскага ў італьянскі горад Бары ў 1087 годзе, дзе яны знаходзяцца і зараз у прысвечаным яму храме, і 11 жніўня, калі згадваецца дзень яго нараджэння.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ