«Элепром» вырашае праблемы з электрыкай
ЗНАЁМЦЕСЯ: Сяргей Яленскі, дырэктар обальскага прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Элепром». Прадпрыемства займаецца праектаваннем і мантажом электрасетак у будынках, правядзеннем электрафізічных вымярэнняў, праектаваннем і мантажом электраацяплення. На рынку аказання электрапаслуг з 2013 года. Кантактныя тэлефоны: +375 29 874 67 07, 375 33 900 45 45.
З марай пра ўласны бізнес
Сяргей – родам з Віцебскага раёна, закончыў палітэхнікум і пачынаў працоўны шлях энергетыкам на Обальскім керамічным заводзе. «Работа на ОКЗ дала мне бясцэнны вопыт, практыку, – расказвае ён. – Так, з дзяцінства захапляўся электрыкай. А вось работа на буйным заводзе – гэта зусім іншае. Адчуваеш, што ад тваіх ведаў і ўменняў залежыць бесперапыннасць работы цэлай махіны. У пэўны момант зразумеў, што маіх ведаў недастаткова, таму паступіў на завочнае навучанне ў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт».
Работа на заводзе Сяргею Яленскаму падабалася, была перспектыва кар’ернага росту – яму прапанавалі пасаду галоўнага энергетыка. Але на той час ён ужо марыў пра свой уласны бізнес, пра сваю справу.
Пасля доўгіх ваганняў і разважанняў у 2013 годзе Сяргей Яленскі адкрыў ПУП «Элепром». «У 2013 годзе на рынку электрапаслуг не было вялікай канкурэнцыі, – працягвае Сяргей. – Мы пачыналі з праектавання і мантажу электрасетак у памяшканнях. Важна было зарэкамендаваць сябе якаснай работай па разумных цэнах. Адзін аб’ект зрабілі, другі – і справа пайшла. Шумілінскім раёнам не абмяжоўваліся, працавалі ў суседніх раёнах, Віцебску і Полацку».
Сяргей Яленскі не спыніўся на дасягнутым. Неўзабаве ён становіцца тэхнічным экспертам у вобласці электрафізічных вымярэнняў. І гэта адкрыла для «Элепрома» новыя магчымасці: зараз прадпрыемства за год робіць вымярэнні прыкладна ў 70 юрыдычных асоб, а гэта звыш 200 аб’ектаў.
Стаўка на электраацяпленне
Сяргей Яленскі цудоўна адчувае кан’юнктуру рынку. Калі ў Беларусі пачаўся актыўны попыт на электраацяпленне, аднымі з першых, хто пачаў праектаваць і рабі-ць яго мантаж, быў «Элепром».
– Мне, як электрыку, адразу стала зразумелым, што электраацяпленне будзе папулярным у насельніцтва, – зазначае Сяргей. – На той час, калі мы пачалі ім займацца, будавалася Беларуская АЭС. Зразумела, што з яе ўводам у эксплуатацыю попыт на электраацяпленне будзе расці. Тым больш, што актыўна мадэрнізаваліся электрычныя сеткі. І мы не пралічыліся.
ПУП «Элепром» у нашым раёне праводзіла электраацяпленне жыхарам населеных пунктаў Обаль, Язвіна, Добрына, Кардон, Мішневічы, Непароты. Толькі за гэты год больш чым 100 гаспадарам прыватных дамоў была праведзена сістэма электраацяплення. Зараз спецыялісты працуюць над аб’ектамі ў Обалі і Кардоне. Адзначым і тое, што «Элепром» робіць электраацяпленне як на электракатлах, так і на канвектарах – у залежнасці ад магчымасцяў дома і пажаданняў кліента.
Што тычыцца рэкламы «Элепрома», то яе, можна сказаць, не было.
– Такі парадокс: рэкламы не было, а кліенты пастаянна былі, – усміхаецца Сяргей Яленскі. – Мы сталі вядомы з-за якасці і кошту паслуг. Так званае сарафаннае радыё працуе лепш за ўсё.
Фактычна сёння ў «Элепрома» дэбют у СМІ. Тым больш, што ёсць добрая нагода – надыходзячы Дзень энергетыка, з якім шчыра хочацца павіншаваць і свой калектыў, і ўсіх чытачоў «Герой працы». Няхай у вашых дамах заўсёды будзе светла і цёпла, а «Элепром» зробіць усё, каб праблем з электрыкай не было.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.