Ад іх работы залежаць святло і цяпло!
Веды, асцярожнасць, упэўненасць, уменне працаваць у камандзе патрэбны работнікам Шумілінскага раёна электрычных сетак. Кожны дзень яны кантактуюць з тым, што немагчыма пабачыць – электратокам, праводзяць работы самай рознай складанасці. Ад іх прафесіяналізму і працы залежыць, ці будзе святло і цяпло ў нашых дамах і на вуліцах.
«У нас зладжаны баяздольны калектыў, – расказвае начальнік Шумілінскага раёна электрычных сетак Уладзімір Волкаў. – Пералік прафесійных патрабаванняў да электраманцёраў даволі ўнушальны. Акрамя тэарэтычных ведаў, патрэбны вынослівасць і пачуццё раўнавагі. Для электраманцёра асабліва важныя асцярожнасць і вытрымка. Мы разумеем, што ад бесперабойнай работы электраабсталявання залежыць работа прадпрыемстваў, бяспека людзей, святло і цяпло ў дамах, а значыць, і настрой шумілінцаў. І ў гэтых накірунках робіцца вельмі многае».
Работнікі Шумілінскага РЭС за бягучы год правялі капітальны рамонт 73 трансфарматарных падстанцый, 75,5 кіламетра паветраных ліній электраперадач 10 тысяч вольт, 63 км паветраных ліній 380 вольт. Дзякуючы рэканструкцыі электрасетак з’явілася магчымасць у жыхароў вёскі Грабніца і часткі Сіроціна праводзіць у дамы электраацяпленне, за кошт уласных сродкаў РЭС мадэрнізавала сеткі ў Язвіне (1,8 км) і Каравайніцы (1,32 км). Жыхарам раёна выдадзена 200 тэхнічных умоў на электраацяпленне. 1600 свяцільнікаў заменены на святлодыёдныя.
У адказе за ўсе гэтыя работы – перса-нал рамонтных брыгад РЭС. На днях мы сустрэліся з брыгадай майстра Дзмітрыя Казлова ў маленькай вёсачцы Андрэеўка Мішневіцкага сельсавета, дзе брыгада выконвала тэхнічнае абслугоўванне электрасетак. Было вельмі ветрана – у нялёгкіх умовах прыходзіцца працаваць.
Электраманцёры расказалі, што яны абслугоўваюць паветраныя лініі электраперадач, выязджаюць не толькі на планавае абслугоўванне, але і падчас навальніц ці буранаў, працуюць не толькі днём, але, здараецца, і ноччу, і ў выхадныя.
«Сваю работу выконваюць зладжана і акуратна электраманцёры Віктар Марудаў, Аляксандр Шляхцянкоў, Яўген Пальвінскі, – кажа майстар Дзмітрый Казлоў. – Стараецца вадзіцель Сяргей Дзягілеў. Нельга нашу работу ўявіць без механізатара Андрэя Карапузава, трактар якога абсталяваны спецыяльным мантажным пад’ёмнікам для работы на вышыні. Сёлета да нас па размеркаванні прыехаў і малады спецыяліст – Дзмітрый Клачок. Вучым маладога майстра ўсяму, што ўмеем самі».
На наступны дзень брыгада электраманцёраў збіралася ехаць у Бараноўскія мяняць апоры, рабіць тэхабслугоўванне электрасетак, замену вулічных свяцільнікаў. Дарэчы, апошніх ва ўсіх населеных пунктах раёна (акрамя Шуміліна і Обалі) налічваецца каля дзвюх тысяч. У наступным годзе ўсе яны будуць святлодыёднымі. У планах на бліжэйшыя месяцы новага 2025-га года – мадэрнізаваць лініі электраперадач у Язвіне (1120 м), што дасць магчымасць вяскоўцам устанаўліваць у дамах электраацяпленне.
Ларыса ЗАЙЦАВА.