Наш обальскі грунт ведаюць і ў Кітаі
Вытворчасць па здабычы і перапрацоўцы торфу г. п. Обаль ВУ «Віцебскторф» УП «Віцебскаблгаз» – сучаснае прадпрыемства еўрапейскага ўзроўню, якое з кожным годам набірае абароты, развіваецца, асвойвае новыя рынкі збыту і дабіваецца высокіх паказчыкаў.
Па словах намесніка дырэктара ВУ «Віцебскторф» Міхаіла Азямблоўскага, сёлета абальчане нарыхтавалі на радовішчы Сідзень 8861 тону верхавога фрэзернага торфу. Гэтага хопіць, каб прадпрыемства працавала без збояў да наступнага сезона нарыхтоўкі сыравіны, які пачынаецца ў маі.
З урочышча Сідзень на вытворчасць кожны дзень паступае па 10 вагонаў торфу, у кожным з якіх знаходзіцца па 5-6 тон сыравіны. Спачатку торф сепарыруецца – раздзяляецца на некалькі фракцый у залежнасці ад заявак пакупнікоў. Напрыклад, торф дробнай фракцыі 0,7 мм ідзе для вырошчвання гародніны і хвойных раслін, а 15-30 мм добра падыходзіць для дурніц, якія карыстаюцца папулярнасцю сярод агароднікаў. Пагрузчыкам торф падаецца ў бункеры, а потым падсілкоўваецца ў патрэбных прапорцыях даламітавай мукой, азотнымі, фосфарнымі і калійнымі ўгнаеннямі.
У цэху кіпоўкі торф фасуецца ў пакеты па 80-100 літраў або ў вялікія біг-болі аб’ёмам ад 4,5 да 6 метраў кубічных (вага ад 700 кг да тоны). «За рабочую змену выпускаецца да 90 бігболяў або да 500-600 пакетаў спажыўных грунтоў «Дзвіна» і «Дзвіна+», кожны з якіх важыць па 20 кілаграмаў, – удакладняе Міхаіл Аляксандравіч. – Па заяўках спажыўцоў выпускаецца торф і без дабавак, які фасуецца як у пакеты, так і ў бігболі».
За студзень-лістапад на вытворчасці па здабычы і перапрацоўцы торфу г. п. Обаль выраблена больш за 8 тысяч тон торфапрадукцыі. Гэта добры паказчык, адзначае кіраўніцтва прадпрыемства. Дасягнулі яго і дзякуючы працавітасці калектыву, і дзякуючы сучаснаму абсталяванню, устаноўленаму два гады таму.
Сёння прадукцыя адгружаецца ў розныя гандлёвыя сеткі, цяплічныя камбінаты ўсіх абласцей Беларусі. Грунты і торф карыстаюцца попытам і за мяжой – у Расійскай Федэрацыі, Малдове, Германіі. З гэтага года пачалі супрацоўнічаць з Кітаем. У прыватнасці, адгрузілі пробную партыю – 20 аўтакантэйнераў па 22 тоны прадукцыі кожны. Надалей мяркуюць пашыраць супрацоўніцтва.
Трымаць вытворчасць на вышыні немагчыма без укаранення ў вытворчы працэс сучасных тэхналогій. У сувязі з чым вядзецца работа па набыцці новага высокаэфектыўнага абсталявання як для нарыхтоўкі сыравіны, так і для працэсу вытворчасці прадукцыі. Сёлета, да прыкладу, усталявана абсталяванне для ўпакоўкі пакетаў, што значна паскорыла выпуск прадукцыі. У бліжэйшы час мяркуюць устанавіць дадатковую лінію па вытворчасці грунтоў малых фракцый, для гэтага ўжо закуплена неабходнае абсталяванне. У наступным годзе ў Обалі будуць фасаваць чатыры серыі грунтоў – «Універсал», «Агарод», «Кветкі», «Сад» аб’ёмам ад 5 да 55 літраў.
Правярае прадукцыю на якасць
Лабарант Святлана Мароз правярае прадукцыю на якасць – на вільготнасць, электраправоднасць, шчыльнасць і іншыя параметры. Акрамя гэтага, адбірае пробы і адпраўляе ў лабараторыю галаўнога прадпрыемства, якое знаходзіцца ў Крулеўшчыне Докшыцкага раёна. Так што прадукцыя праходзіць праверку двойчы – і ў яе якасці можна не сумнявацца!
70 бігболяў за змену
Таццяна Фадзеева больш за год працуе мехатронікам. Яна ўдзячна сваёй настаўніцы Вользе Сяньковай за стажыроўку. Таццяна асвоіла два прэсы – для бігболяў (іх выпускае за змену да 70-90 штук), і для пакетаў па 80-100 літраў (выпускаецца да 600 штук). Таццяна кажа, што на вытворчасці забяспечаны прыдатныя ўмовы не толькі для работы, але і для адпачынку: ёсць абсталяваны пакой для прыёмы ежы з халадзільнікам і мікрахвале-вай печкай, пасля змены па жаданні можна пакарыстацца душам.
Верныя прафесіі
На вытворчасці працуе нямала абальчан, верных сваёй прафесіі, са стажам работы дваццаць гадоў і больш. Сярод такіх – майстар Віктар Арлюкевіч і прыёмшчыца заказаў Іна Прыгун.Раніцай мы засталі іх за рабочым працэсам: Іна выпісвала пуцявыя лісты для механізатараў, а Віктар чакаў, каб забраць іх, бо адказвае за спраўнасць і бесперабойную работу тэхнікі. «Адказваю за 17 адзінак самаходных машын, а таксама больш за дваццаць адзінак ўборачна-прычапной тэхнікі, – адзначыў Віктар. – Будуць усе трактары і агрэгаты спраўныя – своечасова адгрузім прадукцыю і з заданнем справімся».
У дзень нашага прыезду Іна Прыгун афармляла дакументы на 7 гружаных аўтамабіляў на ўнутраны рынак (па 22 тоны кожная) і 15 машын – на экспарт.
Вадзіцель пагрузчыка з самым высокім разрадам
Летам на балоце, а зімой на тэрыторыі прадпрыемства працуе вадзіцель пагрузчыка Віталь Васілевіч. Мае ў прафесіі самы высокі шосты разрад, што сведчыць пра прафесіяналізм і вопыт. «Каўшом “Амкадора” падаю на лінію торф розных фракцый і комплексныя мінеральныя ўгнаенні, – кажа вадзіцель. – Вось учора выраблялі бігболі, дык на маім рахунку было да 450 метраў кубічных торфу. Акрамя гэтага, пры неабходнасці вывожу торф з лініі сепарацыі на пляцоўку».
Віталя Васілевіча хваляць і цэняць за аператыўнасць, працавітасць і стараннасць.