Надзеі, трывогі і развеяны сум Мікалая Мароза
Калі чытаеш цікавую нататку, то заўсёды захапляешся валоданнем словам, мастацтвам перадаваць думкі, ідэю, сюжэт. Пісаць ёмка, ярка, зразумела вучыў у свой час нас, маладых карэспандэнтаў раённай газеты, ужо вопытны журналіст Мікалай Мароз (адпрацаваў у рэдакцыі амаль 33 гады, быў і рэдактарам, і яго намеснікам).
Хуткі, імпульсіўны па характары, часам непрадказальны, лёгкі на нагу, ён заўсёды першым прыходзіў у рэдакцыю, бо раніцай “пісалася ямчэй”. Тут, у цішыні рэдакцыйнага кабінета, нараджаліся апавяданні, аповесці, быў пабудаваны “фундамент” для першай і наступнай кніг. Сёння, 13 снежня, у нашага калегі Мікалая Мароза асабісты юбілей. Напярэдадні мы адправіліся ў Баёўку да Мікалая Аркадзьевіча і пагаварылі пра жыццё, творчасць, захапленне і мары.
– Вострае жаданне вярнуцца на радзімы куток, як мроя, прасочваецца ў многіх вашых творах. Па якім кутку сум?
– Гэта вёсачка Старое Янчына на Барысаўшчыне, дзе нарадзіўся ў сялянскай сям’і, дзе хадзіў у школу, дзе пасвіў кароў, чытаў кнігі на печцы. Калі я быў у восьмым класе, мае нясмелыя апавяданні друкаваліся ў раённай барысаўскай газеце. А ў дзявятым класе ў адным з сачыненняў я прызнаўся, што мару стаць пісьменнікам. Настаўніца ўсміхнулася і сказала, што трэба шмат чытаць і закончыць інстытут, каб дасягнуць такой мэты. І я да яе ішоў. Вывучыўся на настаўніка, працаваў па спецыяльнасці ў Докшыцкім раёне. Прасіўся ў рэдакцыю мясцовай газеты, але там не было вакансій, у абкаме партыі прапанавалі мне шумілінскую рэдакцыю. Так у 1982 годзе я апынуўся ў “Герой працы” і ў пасёлку Шуміліна, які лічу сваёй другой радзімай.
– Мікалай Аркадзьевіч, як нараджалася ваша першая кніга і наогул як вы сталі пісьменнікам?
– У 1992 годзе замахнуўся па першую аповесць “Даруй мне, любы чалавек”, якая была надру-кавана ў дзесяці нумарах “Герой працы”. Людзі чыталі, тэлефанавалі. Праз год напісаў другую аповесць «У завірусе надзей і тры-вог». Падумаў: калі ёсць чытачы, дык чаму не выдаць кнігу. І стаў над ёй працаваць, а заадно збіраць грошы для выдання. У 2006 годзе выйшла першая кніга “Развеяны сум” – пра жыццё, людзей, каханне.
Рэкамендацыю да друку кнігі напісаў пісьменнік Алег Салтук. Было шмат станоўчых водгукаў і пад-зяк ад землякоў. І гэта заахвоціла, прыдало сіл. Праз тры гады была надрукавана кніга “Папялішча не тлен” пра Обальскае падполле, яшчэ праз год – “Другой судьбы не пожелаешь” пра Обальскі керамічны завод. Шмат сіл і часу аддаў на дапрацоўку артыкулаў і перакладу іх на беларускую мову для выдання падручніка “Шуміліназнаўства”. Астатнія мае кнігі “Не маючы літасці”, “Не прасі палёгкі ў жыцця”, “Вырак” і зусім свежанькая “Смага” (датаваная 2023 годам) – пра калізіі жыцця, перакрыжаванні лёсаў, хваляванні, набалелае.
– Дзе шукаеце тэмы?
– Тэмы бяру з жыцця, са сваіх назіранняў, з паездак. Некаторыя навеяны ўспамінамі з дзяцінства, перажытым болем, сірочым хлебам (калі хадзіў у дзявяты клас, памёр бацька, а маці пахаваў, калі быў студэнтам першага курса). Многія тэмы падкідвае жонка, якая дзеліцца ўспамінамі з жыцця на сваёй радзіме. Так што тэмы ўсе перажытыя, жыццёвыя. Ніколі не пісаў і не буду пісаць па заяўцы.
– Хто звычайна з’яўляецца першым чытачом і крытыкам?
– Жонка Таццяна. Яна чытае ўважліва, з прыдзіркамі. Часам крытыкуе. Крытыку я ўспрымаю хваравіта, часам стаўлюся “на дыбкі”. Потым “адыходжу”, прыслухоўваюся да жончыных парад – яна адчувае тонкасці слова.
– Дзе бераце натхненне і як адпачываеце?
– Раней працаваў з пілой і сякерай – будаваў жа свой дом у Баёўцы, выпілоўваў лобзікам. Адпачываю на лоне прыроды, дзе можна прывесці думкі ў парадак. Люблю хадзіць у лес за грыбамі. Перачытваю творы Мележа, Караткевіча і Брыля. Маю электронную кнігу – чытаю творы Юрыя Нагібіна і Віктара Астаф’ева.
– Ці лічыце вы сябе шчаслівым чалавекам?
– Безумоўна. Шчасце маё ў тым, што стаў пісьменнікам, што сустрэў сваю жонку Таццяну, якая мяне ўзбагачае духоўна і з якой пасля 13-дзённага знаёмства ідзём разам па жыцці больш за 45 год. Шчасце – у дзвюх дачках і чацвярых унучках, у іх усмешках.
– Пра што марыце?
– Сістэматызаваў свае кнігі ў камп’ютарным варыянце, атрымалася пяць тамоў па 600 старонак. Магчыма, у будучым пабачыць свет збор твораў Мікалая Мароза. Зараз таксама пішу. У шуфлядцы запасы для новай кнігі. Пакуль не буду выдаваць сакрэтаў назвы і тэмы, скажу адно: мару пра выданне ў бліжэйшы час.
– Мікалай Аркадзьевіч, ад ўсяго калектыву рэдакцыі раённай газеты прыміце шчырыя пажаданні здароўя, дабрабыту і творчасці. А што вы самі сабе хочаце пажадаць у 70-гадовы юбілей?
– Хачу творчага даўгалецця і каб даніну павагі як пісьменніку аддавалі пры жыцці. Хочацца, каб здароўе не падводзіла, каб на старасць гадоў нікому не быў у цяжар, каб радавалі родныя і блізкія.
СЛОВА – РОДНЫМ
Жонка Таццяна: Мой Мікола – чалавек творчы, і я прызвычаілася да гэтага. Разам нам добра. Ганаруся, што на маіх вачах вырас пісьменнік. Эмацыянальны і імпульсіўны, калі спрачаецца – да хрыпаты, калі працуе – часам і да знямогі. Рада, што збылася мара яго жыцця – стаць пісьменнікам, што гэта яму прыносіць задавальненне. Да юбілею рыхтую віктарыну па ягонай кнізе “Смага”, весці вечарыну па просьбе юбіляра буду на беларускай мове. Лепшыя знаўцы творчасці атрымаюць прызы.
Дачка Вольга: Бацькі з дзяцінства выхоўвалі ў нас пачуццё прыгожага, павагу да сямейных каштоўнасцей. Дзякуючы тату маю прагу да чытання, у свой час навучылася добра пісаць сачыненні і здала на выдатна экзамены ў педагагічны ўніверсітэт. І зараз без кніг не ўяўляю свайго жыцця, на паліцы дамашняй бібліятэкі стаяць і бацькавы кнігі, якія перачытала і якімі ганаруся.
Унучка Соня: Мне вельмі пашанцавала, што ў мяне ёсць дзед-пісьменнік. Ён клапатлівы, вельмі мяне любіць і дапамагае. Калі ў школе задалі напісаць казку-легенду, звярнулася да дзядулі, і ён параіў з’ездзіць на Вялікі камень у Горкі. Тады і казка складзецца, запэўніў дзядуля. Я была шчаслівая ад таго, што казка-легенда выйшла ў мяне самая лепшая.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Из творчества Николая Мороза
Расставанне
Я адчыніў дзверы палаты і ўбачыў траіх, адзін з іх быў мой знаёмы, з якім мы парукаліся.Тыя двое ўзнялі галовы з падушак, унікліва і ўважліва аглядалі мяне з ног да галавы. “Хто ён, гэты чалавек? –думалі, напэўна, старычэлы (яны былі намнога старэй за мяне). –Ці не храпе па начах, ці не буяніць? А можа, якая шышка?..”
Словам, думалі, а калі мой знаёмы адрэкамендаваў мяне, усміхнуліся. Адзін з іх, ад акна, нават сказаў:
– Значыць, зажывём па-сяброўску!..
Словы былі сказаны авансам, і я вырашыў, што б ні ставала, апраўдаць іх надзеі. А надзеі ў іх былі адны –каб слухаў. Не абавязкова згаджаўся, але не перабіваў.
Яны, двое, прыехалі на лячэнне першымі. Абодва недачулі, і даводзілася крычаць, калі вялася гаворка. Не раз на пасту суцішалі нас, але калі ўведалі, што ў старых дрэнна са слыхам, змірыліся. Пра што толькі мы ні гаварылі?! І са старымі, і з маім знаёмым. Спачатку пасыпаліся, што гарох, розныя жыццёвыя гісторыі.
Асабліва рупіўся высокі хударлявы стары, якому нееўзабаве стукне восемдзясят. Спакойны, словы кладуцца ў радок пачціва, узважана, здаецца, што Віктар Паўлавіч – назавём яго так – ніколі не сярдуе, ніколі не павысіў голаса. Ён мала таго, што недачуў, дык і дрэнна бачыў. Ён заўсёды хваравіта рэагаваў на святло, асабліва сонечнае. Канец жніўня выдаўся спякотным, а наша акно выходзіла на сонечны бок. Ні штораў, ні жалюзі ў палаце не было, і мы знемагалі ад спякоты. Акно было заўсёды напалову расчынена, і вечарам у палаце немагчыма было дыхаць. А стары ўвесь гэты час закрываў ручніком вочы, бо акуляры не дапамагалі, і так ляжаў пакоріва, ці сядзеў, паклаўшы спрацаваныя рукі на каленях худых ног.
Мы спыталі ў доктара, чаму няма ніякай фіранкі, а ён у адказ: забараніла санстанцыя, маўляў, на шторы асядаюць ўсякія шкодныя мікробы. Калі ўся справа ў мікробах, няўжо яны асядаюць толькі на жалюзі, а не трапляюць на аконныя адкосы, на высокія рамы, куды не дастае рука санітаркі?..
Шкада і балюча было глядзець, як пакутуе чалавек, які прыехаў у бальніцу лячыцца. Ён, вядома, мог выйсці ў спёку з палаты і сесці на лаўку, пад бярозай, але далей чым да рукамыйніка ён не даходзіў. Перанёс два інсульты, інфаркт, ногі ў яго амаль не хадзілі.
Аднойчы дачка папанавала завезці яго ў хату, каб пабыў там, успомніў, як жылося. Ён згадзіўся. Ступіў на ганак, і сэрца затрымцела, закалацілася, як у ліхаманцы. А калі мінуў сенцы і пераступіў парог, каб зайсці ў трысцен, зразумеў, што ногі не трымаюць, сеў на лаўку. Не хацелася яму сюды, дзе пражыў жыццё.
– Я расставаўся з хаткай, як з родным чалавекам. Колькі тут перарабіў, колькі выштукаваў і цэбраў, і бочачак, і ўсякіх рэчаў, без якіх у гаспадарцы не абысціся. А тут зайшоў як госць. Страшна стала, такая яна была самотная, ціхая і пакорлівая. Як і я сам тады. Госцем для сваёй хаты, у якой пражыў з жонкай не адзін дзясятак год, ён стаў нядаўна. Таму, мусіць, і не хацеў такой сустрэчы. Тут ён быў гаспадаром і, калі хочаце, гаспадаром з вялікай літары. Такі ў яго быў парадак, што вяскоўцы дзіву даваліся, як чалавек спраўляецца і падворак дагледзець, і цэлую плойму жывёлы з жонкай выгадаваць.
Другі стары, Васіль Іванавіч, якому было восемдзясят дзевяць, быў каржакаваты, хадзіў дробнымі крокамі, шаргатаў па падлозе сваімі пляжнымі стаптанымі пантоплямі, але быў яшчэ даволі рухавы мужчына. Таксама хварэў, і таксама вынес за жыццё нямала пакут, а светлы розум і развагі не страціў.
Старыя былі суседамі па ложках, і ўвесь дзень нешта расказвалі адзін аднаму. І калі прыйшоў час старэйшаму выпісвацца, на Віктара Паўлавіча нельга было не глядзець без жалю. Ён сядзеў унурана, паклаўшы рукі на каленях, а калі сусед падышоў да яго для развітання, ускочыў і ў парыве абняў яго. Так яны стаялі, абняўшыся, і я бачыў, як на схуднелую яго шчаку скочваліся слёзы, і ён іх змахнуў тылам рукі. Доўга не адпускаў сябра з абдымкаў, шаптаў яму нешта на вуха.
І мы са знаёмым расчуліліся, усталі з ложкаў. Іванавіч пакінуў сябру свае прыпасы (ён часта бегаў у краму). Той спачатку аднекваўся, адсоўваў рукой харчы, якія ляжалі на стале, а пасля санітарка занесла іх у халадзільнік. Ён ніколі не прасіў мяне аб дапамозе, але я сам бачыў, як чалавеку цяжка, калі не ходзяць ногі. І калі выпісваўся, паціснуў яго ка-стлявую, але даволі моцную руку, пажадаў яму здароўя. Той паморшчыўся:
– Няма таго, што раньш было…
Багдановічавы словы прыйшлі яму на памяць нездарма: ён ведаў шмат песень, і беларускіх, і ўсякіх. Іграў на гармоніку, весяліўся, цешыўся дзецьмі, унукамі, зараз ужо і праўнукамі, адзін з іх пайшоў у першы клас.
Вось такая гісторыя. Здавалася б, забудзецца тая сустрэча ў бальніцы, ажно не – і сёння перад вачыма стаіць тая вось развітальтная хвіліна старых, якія не сустрэнуцца ў жыцці, відаць, ужо ніколі…
Мікалай МАРОЗ.