50 лет вместе. Мечтают погулять на свадьбе внука

Людзі і лёсы

Іх мара – тупнуць на вяселлі ўнука

Пяцьдзясят гадоў таму ім крычалі “горка”, жадалі шчасця, дзетак і дабрабыту. Усё гэта ёсць у Леаніды Тэдэвушаўны і Уладзіміра Антонавіча Шэдзько з в. Мішкавічы. У пачатку сямейнага ыцця яны жылі і працавалі ў Віцебску, а потым пераехалі ў вёску, дзе і засталіся назаўсёды.

Леаніда і Уладзімір пазнаёміліся ў Віцебску. Яна (родам з Глыбоцкага раёна) працавала абутніком на фабрыцы «Чырвоны Кастрычнік», а ён пасля службы ў марфлоце ўладкаваўся на дрэваапрацоўчы камбінат. Так супала, што зды-малі кватэры ў адной шматпавярхоўцы. І аднойчы летам, калі Леаніда вярталася дадому, з ёй павіталіся хлопцы, якія сядзелі ля пад’езда на лаўцы. Завязалася размова – так і пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Сустракаліся часта: выйшлі з пад’езда – і ўжо на спатканні. Праз тры месяцы вырашылі ажаніцца, сталі здымаць ужо агульную кватэру. Калі першынцу-сыну было каля годзіка, сям’я пераехала ў Мішкавічы, на радзіму Уладзіміра. Там не трэба плаціць за жыллё – быў невялікі домік, які застаўся ад сваякоў у спадчыну. А потым купілі дом у Гусінцах, перавезлі яго ў Мішкавічы, узвялі лазню і хлеўчукі. І зажылі! Уладзімір працаваў механізатарам у калгасе «Ленінскі прызыў», Леаніда – нянечкай ў дзіцячым садзе, потым прадаўцом у Галях, Ерашове і Мішкавічах, апошнія 12 гадоў – сацыяльным работнікам. Трымалі вялікую гаспадарку – карову, авечак, свіней, курэй. Калі ў сям’і нарадзіўся трэці сын і ў хаце стала цеснавата, зрабілі прыбудову.

– Мы не шкадуем, што перабраліся жыць у вёску, – кажуць Леаніда і Уладзімір Шэдзько. – Нам тут і ў маладосці было вельмі цікава: пасля пасяўной і ўборачнай праводзіліся так званыя фестывалі на лузе – гуляла ўся вёска. У Мішкавічах быў свой ансамбль “Пікнік”, у клубе рыхтавалася шмат цікавых мерапрыемстваў. Прычым, на танцы па суботах і нядзелях хадзілі сем’ямі. Было весела і здорава.

Леаніда і Уладзімір Шэдзько ніколі не дзялілі дамашнюю работу на мужчынскую і жаночую. Атрымлівалася ўсё само сабой гладка і роўна: калі жонка была на вучобе, муж і карову даіў, і падлогу мыў, і дзяцей карміў. «22 лістапада мы адзначылі залатое вяселле. Паўстагоддзя праляцела занадта хутка, – кажа Леаніда Тадэвушаўна. – Былі лад і згода, а часам і не мёд. Я па характары шустрая, муж запальчывы, але адыходлівы. Калі пасварымся, то заўсёды першым ідзе насустрач, звычайна пытаецца: “Ну, і ці доўга маўчаць будзем?” Пасля гэтага пытання ўжо не маўчым, і жыццё ідзе сваёй чаргой».

Зараз Леаніда і Уладзімір Шэдзько на заслужаным адпачынку. Па выхадных чакаюць у госці траіх сыноў і васьмёра ўнукаў, вельмі хочуць тупнуць на вяселлі старэйшага з іх. Лічаць, што самае галоўнае ў сямейным жыцці – гэта згода, разуменне і павага. Гэтаму вучаць сваіх унукаў і дзяцей. А яны, дарэчы, у падарунак да залатога вяселля робяць у доме рамонт: усталявалі электракацёл, зрабілі цёплую падлогу, будуць фарбаваць абтынкаваныя сцены. Усё для любімых бацькоў, каб было цёпла, прыгожа і ўтульна!

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *