«Для мяне любімая справа – інжынерная!»
12 гадоў з невялікім перапынкам Юрый ЛІТВІНАЎ працуе галоўным інжынерам на ТАА «Вежа». У рабоце яго заўсёды адрозніваюць старанныя адносіны да справы, імкненне дасягнуць лепшых вынікаў.
Самым складаным на заводзе быў 2003 год, калі паставілі задачу зрабіць поўны цыкл вытворчасці. Гэта значыць, не проста карыстацца гатовым канцэнтраваным сокам, а прымаць сыравіну для яго вырабу – яблыкі. Памяшканне былой мыйкі аўтамабіляў трэба было пераабсталяваць пад цэх. І галоўны інжынер з камандай узяліся за работу. У арганізацыю новай вытворчасці было ўкладзена нямала інвестыцый. Галаўное прадпрыемства ініцыянавала закупку прэса для выціскання яблыкаў у Польшчы. А дадатковае абсталяванне – гэта справа рук галоўнага інжынера і яго памочнікаў. У ход пайшлі дэталі ад бульбасартавальных пунктаў, сельгасмашын. Разумная галава плюс умелыя рукі – і абсталяванне пачало працаваць як гадзіннік. Прыкладна праз год ужо нарыхтоўвалі першую сыравіну. Яблыкаў назапасілі больш за дзве тысячы тон, прадавалі лішкі соку заводам іншых абласцей. І ў гэтым непасрэдная заслуга Юрыя Літвінава, лічаць на ТАА «Вежа».
Юрыю Фёдаравічу неаднаразова прапаноўвалі заняць пасаду кіраўніка. У прыватнасці, узначаліць хлебзавод. Адмовіўся і патлумачыў гэта так: «У кіраўніка павінна быць у душы непрабівальная браня, а ў мяне яе няма. Я справядліва ацэньваю свае сілы і магчымасці. Лічу, што кожны павінен займацца сваёй любімай справай. Для мяне гэта справа – інжынерная!».
Юрый Літвінаў актыўна праводзіць работу па мадэрнізацыі вытворчасці. У прыватнасці, у мінулым годзе была зроблена мадэрнізацыя абсталявання цэха, што дало магчымасць перайсці на новы від этыкеткі. Дзякуючы новаму праграмнаму забеспячэнню павысіліся аб’ёмы прадукцыі. Кожны дзень галоўны інжынер правярае якасць работы абсталявання ў цэху, работу кацельні, якая зімой і летам выпрацоўвае тэхналагічную пару, патрэбную для вытворчасці. Юрый Літвінаў хваліць сваіх непасрэдных памочнікаў – механіка Уладзіміра Вырвіча і энергетыка Аляксандра Шчамялёва – за надзейнасць і разуменне.
«Наш Юрый Фёдаравіч працавіты, разумны і тактоўны, а галоўнае – у яго залатыя рукі, – кажа дырэктар ТАА “Вежа” Святлана Мікалайчык. – Ён добра ведае тэхналогію вытворчасці і абсталяванне цэха. Тое, што мы працуем рэнтабельна, што работа цэха бесперабойная, што выкананы паказчыкі па вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, аб’ёмах будаўніча-мантажных работ – вялікая заслуга галоўнага інжынера».
Па прадстаўленні прадпрыемства прозвішча Юрыя Літвінава занесена на раённую Дошку гонару.
Ларыса ЗАЙЦАВА.