Ваша жыццё – ваш выбар!
За захоўванне і набыццё наркатычных сродкаў сёлета складзены 2 адміністрацыйныя пратаколы, узбуджаны 4 крымінальныя справы, расказаў начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі РАУС Павел Трафімаў.
Складзены адміністрацыйны пратакол на жыхара райцэнтра, які прывёз з Расійскай Федэрацыі больш за тры кілаграмы насваю. Ён атрымаў штраф у памеры 20 БВ. Супрацоўнікі міліцыі таксама ўстанавілі асобу, якая купляла гэты тавар у “прадаўца”, – мужчына заплаціў штраф у памеры 12 БВ.
Пазней у асабістым аўтамабілі гэтага ж “прадаўца” было знойдзена 1,17 грама асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва 4СМС, а таксама 0,699 грама гашышу. Па фактах узбуджаны дзве крымінальныя справы. Паколькі мужчына не быў раней судзімы, па рашэнні суда за захоўванне наркатычных рэчываў яму вынесены прыгавор у выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі з умоўным непрымяненнем пакарання. Разам з тым, у мужчыны канфіскаваны асабісты аўтамабіль, ён павінен выплаціць у даход дзяржавы 50 БВ.
Узбуджана крымінальная справа і на пакупніка гашышу (асоба пакуль не ўстаноўлена), правапарушальніку пагражае пазбаўленне волі да пяці гадоў.
Месяц таму ўзбуджана яшчэ адна крымінальная справа за захоўванне наркатычных сродкаў. Супрацоўнікі РАУС знайшлі ў дачным доме ва Ужляціне, які належыць жыхару Віцебска, 637 грамаў марыхуаны. 34гадоваму мужчыну, які зараз знаходзіцца ў следчым ізалятары, пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Усе грамадзяне ведаюць пра сур’ёзную адказнасць, якая прадугледжана законам за ўжыванне наркотыкаў, продаж, захоўванне, перавозку. І выбар, стаць на злачынны шлях ці выбраць спакойнае, здаровае і шчаслівае жыццё – выключна ваш выбар!
Людміла ЗУЙКОВА.