В краю каменных исполинов – рассказ о валунах Шумилинщины

Актуалии Край шумілінскі

У краі каменных волатаў
У ліпені былі падведзены вынікі другога этапа рэспубліканскага конкурсу “На лепшую публікацыю на экалагічную тэматыку”. На абласны этап было пададзена 59 матэрыялаў: артыкулаў, рэпартажаў, замалёвак, каментарыяў.
У намінацыі “Наш агульны дом” (катэгорыя аматары) першае месца прысуджана Улюценку Віктару Васільевічу (псеўданім Антон Параскевін), нашаму земляку, урачу ЦРБ, за серыю артыкулаў “Валуны — помнікі прыроды Шумілінскага раёна і іх гісторыя”. Пераможца ўзнагароджаны дыпломам і грашовай прэміяй.
Адзначым, што Віктар Васільевіч Улюценка на падставе гэтых расказаў, вершаў і артыкулаў выдаў у 2012 годзе кнігу “У краі каменных волатаў”..
Прапануем вашай увазе пазнаёміцца ўрыўкі з кнігі.

ПРАДМОВА
Каля дарог і рачулак, на ўскраінах палёў і ў лясных гушчарах нашай зямлі Шумілінскай, уткнуўшыся ў зямлю, ляжаць замшэлыя валуны. Гэтак жа яны ляжалі і 20 тысяч год назад, калі на беларускай зямлі жылі старажытныя паляўнічыя на мамантаў, і ў час пасялення тут першых славянскіх плямёнаў. Гэтыя камяні памятаюць братазабойныя войны часоў Кіеўскай Русі, набегі крыжаносцаў, навалу швецкіх, напалеонаўскіх і гітлераўскіх полчышчаў.
Валуны складаюць неад’емную частку ландшафту, здаецца, прыбяры іх – і беларуская прырода збяднее. Вучоныя называюць гэтыя тварэнні прыроды камянямі-падарожнікамі і сцвярджаюць, што яны многае могуць расказаць пра геалагічнае мінулае і пра скарбніцы роднага краю. Памяць нашых дзядоў-прадзедаў захавала дзіўныя паданні і легенды пра валуны. У мінулым камяні шанавалі, як святых. Як элементы духоўнага і матэрыяльнага жыцця людзей многія валуны трапілі ў спіс помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Але работа па пошуку новых і цікавых камянёў, якія трэба ўзяць пад ахову, па-сапраўднаму толькі пачынаецца. Гэтыя, здавалася б, звычайныя валуны дазваляюць нам зразумець, што прырода, гісторыя і культура так моцна звязаны ва ўсіх сваіх элементах, што іх нельга аддзяліць адзін ад аднога.

"Вялікі камень" ля в. Горкі Дабейскага сельсавета - буйнейшы валун Беларусі

ВЯЛІКІ КАМЕНЬ
У Шумілінскім раёне ёсць свой страж – камень-велікан, які пражыў на свеце ўжо каля 20 тысяч год. Ён памятае ледніковы перыяд, многія войны, катаклізмы прыроды. Вялікі камень – самы вялікі валун Беларусі. Ён знаходзіцца каля вёскі Горкі Дабейскага сельсавета. Даўжыня яго 11 метраў, шырыня – 5,6 метра, вышыня – 2,8 метра. Па матэрыялах інстытута геалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дакладная вага каменя  – 292 тоны. Колер цёмна-карычневы, складаецца з пароды, якая называецца буйназярністы граніт “рапаківі” з украпленнямі рагавой абманкі. Валун мае форму праса. Нам ён больш нагадаў вялізную лодку, перавернутую ўверх дном. Гэтакі Ноеў каўчэг, які застаўся на зямлі беларускай пасля патопу і акамянеў ад часу.
Вялікі камень трапіў да нас з далёкай Скандынавіі. Зараз валун ахоўваецца дзяржавай і з’яўляецца помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.
Камень валодае асаблівай энергетыкай. Праходзіць стома, калі знаходзішся побач, дакранаешся да патрыярха беларускіх валуноў.

Шавекінскі валун

ШАВЕКІНСКІ ВАЛУН
Шавекінскі валун вучоныя адносяць да культавых валуноў з паглыбленнямі, створанымі рукамі чалавека. На тэрыторыі Беларусі звыш 500 культавых камянёў.
Знаходзіцца Шавекінскі валун на заходняй ускраіне вёскі Шавекі, у 2,5 кіламетра на захад ад вёскі Ставіца, на заходнім схіле невялікага моранага пагорка, на пашы.
Плошча помніка складае 6 квадратных метраў, плошча ахоўваемай зоны помніка прыроды – 65 квадратных метраў.
Валун складаецца з чырвона-бурага граніту і “рапаківі” дробназярністага з украпленнем крышталяў ружовага палявога шпату, рагавой падманкі, шэрага кварцу. Прынесены ў час паазерскага абледзянення  з Аландскіх астравоў, размешчаных у Балтыйскім моры ля Швецыі.
На паверхні Шавекінскага валуна ёсць характэрнае штучнае паглыбленне, якое сведчыць пра яго культавае прызначэнне. Мяркуецца, што продкі рабілі рытуальныя дзеянні, звязаныя з культам урадлівасці і святам збору ўраджаю.
Ёсць на паверхні Шавекінскага валуна і адмеціны ад куль і снарадаў. Жыхар вёскі М. М. Чапурноў расказваў, як у гады вайны 6-мятровы валун не раз ратаваў іх ад смяротнага фашысцкага агню.

Плігаўскі валун

ПЛІГАЎСКІ ВАЛУН
Плігаўскі валун з’яўляецца адным з буйнейшых у Беларусі (даўжыня бачнай часткі доўгай восі складае 7,2 метра). Знаходзіцца Плігаўскі валун у 0,45 кіламетра на поўдзень ад галоўнай вуліцы вёскі Плігаўка, у 2,4 кіламетра на поўнач ад вёскі Юрава.
Плошча помніка прыроды складае 44 квадратныя метры, плошча ахоўнай зоны помніка прыроды рэспубліканскага значэння – 116 метраў.
Валун светла-карычневага колеру дробназярністага граніту з украпленнем крышталяў ружовага палявога шпату, шэрага кварцу і рэдкіх крышталяў біяціту, рагавой падманкі і іншых мінералаў. Гэты валун прынесены з тэрыторыі Скандынавіі ў час паазерскага абледзянення.
У даўнія часы па рацэ Чэрніца, у пойме якой знаходзіцца Плігаўскі валун, праходзіў водны гандлёвы шлях. Непадалёк ад валуна было буйное паселішча з аднайменнай назвай Чэрніца, якое пазней перайменавалі ў Сіроціна. Сіроцінскі край у сярэдневеччы быў густанаселеным і багатым. Адсутнасць дарог ставіла водныя шляхі ў гандлі паміж гарадамі і весямі галоўнымі.
Купцы мястэчка Сіроціна спускаліся на лодках да ракі Обаль, далей уверх па цячэнні паднімаліся да ракі Усыса і па ёй ішлі на вёслах да Гарадка – даўнейшага паселішча Віцебшчыны. Заходзячы па рацэ Обаль у Дзвіну, яны гандлявалі таксама з Улай, Полацкам, Верхнядзвінскам, Мядзелем, Браславам, Лагойскам, Гродна. Быў вядомы і паўночны шлях да Себежа і Ноўгарада. Гандлявалі нашы продкі мёдам, воскам, льном і льнянымі вырабамі, пянькой і футрам. Увозілі вырабы з жалеза, медзі, дубу, грабу, тлушч цюленяў, маржовую косць.
Плігаўскі валун прыносіў купцам нямала клопатаў. Не кожнага шанаваў. Знаходзіўся ён на сярэдзіне ракі і выступаў над вадою ледзь не на два сажні. Зазяваўся лодачнік – лодка ў друзачкі. Таму ў час вялікай вады пры камні выстаўляліся вартавыя, а на самым валуне па начах палілі вогнішча.
Надрукавана ў №74 ад 18.09.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *