29 тураў для расійскіх паляўнічых
Шумілінская паляўнічая гаспадарка абласной арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў актыўна развівае паляўнічы турызм. З пачатку года было арганізавана 29 тураў, у якія прынялі ўдзел 61 турыст з Расіі і якія заплацілі больш за 50 тысяч беларускіх рублёў (за аналагічны перыяд мінулага года было 26 тураў, каля 35 тысяч рублёў).
– Шуміліншчыну добра ведаюць паляўнічыя з Масквы, Санкт-Пецярбурга і Ніжняга Ноўгарада, – расказвае старшы егер Шумілінскай паляўнічай гаспадаркі Ігар Каштанаў. – Попыт на нашы паслугі ўзрастае пасля ўдзелу членаў рэспубліканскага савета і абласной арганізацый у розных паляўнічых выставах, якіх багата праходзіць у Расіі. Таксама ў рэкламе паляўнічага турызму на Шуміліншчыне дапамагае і наш сайт www.vboor.by, на якім ёсць дакладныя звесткі, як пра Шумілінскую паляўнічую гаспадарку, так і віды дзічыны з месцамі іх знаходжання.
Шумілінская паляўнічая гаспадарка – гэта чатыры паляўнічыя дачы: Мішкавіцкая, Амбросавіцкая, Сіроцінская і Казьянская. Кожная з іх папулярная ў турыстаў, хаця асобна тут можна вылучыць Амбросавіцкую, якая вельмі палюбілася расіянам у час вясенняга палявання на гусей.
Як паказвае практыка, турысты-паляўнічыя на Шуміліншчыну прыязджаюць на 2-5 дзён. Звычайна прыпыняюцца ў шумілінскай гасцініцы ці аграсядзібе “Чараўніцкае возера” . Часта адна і тая ж група расійскіх паляўнічых за год прыязджае некалькі разоў.
«На гэтым тыдні да нас прыехалі два турысты з Ніжняга Ноўгарада, – расказвае Ігар Каштанаў. – Яны на Шуміліншчыну прыязджаюць ужо гадоў дзесяць. Сёлета яны ў нас у чацвёрты раз. Палявалі на гусей, казуль, ласёў. На гэты раз яны прыехалі за трафейным аленем: за трафей гатовы плаціць любыя грошы (трафейны алень каштуе ад 2 тысяч да 8 тысяч рублёў, – аўт.)».
Зараз адкрыта паляванне на парнакапытных. Яно вельмі папулярна як у беларускіх паляўнічых, так і ў расійскіх..
« Праўда, пакуль што ажыятажу няма. Паляўнічыя чакаюць, калі ляжа першы снег, – тлумачыць Ігар Каштанаў. – Ліміты на аленяў, ласёў і казуль, якіх можна здабыць, не выбраны. Гэта дазволіць у снежні арганізаваць паўнацэнныя паляўнічыя туры для расійскіх турыстаў. На сённяшні дзень маем некалькі заявак на сярэдзіну снежня».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.