Возбуждено уголовное дело по факту жестокого избиения матери жителем Шумилинского района

Происшествия

«За што, сынок?»

На жаль, дамашняе насілле прысутнічае ў нашым жыцці. Муж падымае руку на жонку і дзяцей, сын – на бацьку і маці. Часцей за ўсё скандалы напрамую звязаны з п’янствам дэбашыра.

 

І як можна назваць сітуацыю, калі старая маці ўздрыгвае ад скрыпу дзвярэй і думае, якім сёння вярнуўся дадому сын? Калі добра прыклаўся да бутэлькі, можа, спакойна ляжа спаць, а, можа, будзе крычаць, пагражаць і збіваць…

Усё гэта адчула на сабе 62­гадовая Святлана Мікалаеўна (імёны зменены па этычных меркаваннях), якая жыла пад адным дахам з 43­гадовым сынам Юрыем. Мужчына нежанаты, ездзіў на заробкі ў Расію. І кожнага вяртання сына маці баялася. Бо па прыездзе дадому ён проста прапіваў заробленыя грошы.

Так было і на гэты раз. Пасля тыднёвага запою Юрый стаў занадта агрэсіўным. У той вечар яму не спадабалася тое, што маці яго не пачула. Адзін удар кулаком, другі… Не спадабалася, што не так на яго паглядзела, не так хутка падышла, не тое прыгатавала… На працягу трох сутак дзяцюк збіваў маці, якая пры кожным удары пытала «За што, сынок?».

– Святлана Мікалаеўна змагла збегчы з дому, – падзяліўся падрабязнасцямі намеснік начальніка райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Віктар Казлоўскі. – У міліцыі папрасіла абараніць яе ад роднага сына. Медыкі налічылі ў жанчыны не менш 75 (!) кровападцёкаў па ўсім целе.

Па  гэтым  факце  ўзбуджана крымінальная справа. Вядзецца следства, устанаўліваюцца падрабязнасці злачынства. Падчас допытаў Юрый паводзіць сябе спакойна, сцвярджае, што нічога не памятае, але ў той жа час не адмаўляе факты збіцця маці. Па законе ён можа пазбавіцца волі тэрмінам да трох год.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *