«Коня на мотоблок ни за что не променяю!»

Мир увлечений Сельское хозяйство

«Каня на мотаблок   ні за што не прамяняю!»

Помню з дзяцінства, што раней на вёсцы сапраўдным гаспадаром лічылі таго, хто на падворку трымаў не толькі карову, але і каня. Такі гаспадар быў у аўтарытэце, ён першым мог пераараць агарод, вывезці гной, прывезці з далёкіх палеткаў высушанае сена. На кані ездзілі ў лес за дрывамі. У каго не было такога памочніка, хадзілі “дамаўляцца з канём”. Чарга на гнядога заўсёды была вялікая.

А што зараз? Коні сталі рэдкасцю, рарытэтам. У большасці населеных пунктаў жывых коней замянілі жалезныя: трактары і мотаблокі. Па дадзеных сельсаветаў, у населеных пунктах раёна маецца 37 коней. Самая вялікая іх колькасць – на тэрыторыі Мікалаеўскага сельсавета (у Кардоне, Мішкавічах, Мікалаеве, Дубраве, Макраках і Камачыне). Па пяць коней трымаюць у Дабейскім, Лаўжанскім і Мішневіцкім сельсаветах, па 4 – у Светласельскім і Каўлякоўскім, па 3 – у Сіроцінскім і Обальскім.

Ігар Кальнін, жыхар аграгарадка Амбросавічы, многа гадоў трымае каня. Мы засталі гаспадара ў Непаротах за важнай сельскагаспадарчай работай – пераворваннем агарода.

«Участак застаўся ў спадчыну. Раней мы жылі ў гэтай вёсцы, – расказаў Ігар Віктаравіч. – Зямля ўрадлівая, таму не кідаю агарод. Кожны год апрацоўваю яго на кані, якога не прамяняю на мотаблок. Кабылу Машу купіў восем гадоў таму ў гаспадара з Полцева. Кабыла цягавітая, моцная, паслухмяная. Мне яна абыходзіцца танней, чым, скажам, купіць мотаблок, а потым яшчэ да яго бензін, прычапныя ўстройствы. Мотаблокам ніколі так глыбока не ўзарэш, як канём. Наняць тэхніку на паўгектара агарода (узараць, наганяць градкі і саджалкай пасадзіць) летась каштавала 250 рублёў, і цэны растуць…».

Вядома, кабыла Маша патрабуе пэўнага догляду. Нарыхтаваць 3,5 тоны сена на зіму – не праблема для мужчыны. Да таго ж, сваім работнікам (Ігар працуе на ферме Маркава слесарам) кіраўніцтва ААТ «Прыазёрны мір» часткова выдзяляе гатовае сена. Вось і сёлета далі па два рулоны спрасаванага (прыкладна тону). Сям’я вырошчвае для каня і іншай дамашняй жывёлы кармавыя буракі, зерне. Асабліва Маша любіць авёс і яблыкі, а самы вялікі ласунак для яе – хлеб.

«На кабыле Машы і гной вывозім, і грузы перавозім. Жарабя яна не прыносіць, бо па ўсёй акрузе не знайсці каня, – кажа Ігар Кальнін. – За дзень на Машы можна ўзараць да паўгектара агарода. Некаторыя сталыя жыхары просяць пераараць участак».

Дзе падзеліся конюхі? Раней у кожным сельгаспрадпрыемстве быў табун коней. За імі прыглядваў спецыяльна прызначаны чалавек – конюх. Цяпер такой прафесіі ў раёне няма ўвогуле, паведамілі спецыялісты райсельгасхарчу. Ды і коней засталося не так многа, меньш за паўсотню па ўсіх гаспадарках. У СУП «Лаўжанскае» іх наогул няма. У КУСГП «Ульскі» – 2, у «Прыазёрным міры» – 6, у КУСГП «Сіроцінскі» – 8. Самая вялікая колькасць коней – 21 – у ААТ «Ляжні».

«Нам  коні  патрэбныя, – заўважыла галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства Наталля Васілеўская. – Летам на палетках пасвіліся пяць статкаў кароў, на кожным з іх – па два кані. На іх пастухам зручней працаваць. Акрамя таго, для цялят на дарошчванні на ферму Ляжні‑4 дастаўляем на конскіх калёсах сянаж, муку, сена. Ды і ў многіх выпадках выручаюць коні – сена падвезці, канцэнтраты. Выручаюць яны і калі псуецца кормараздатчык «Гаспадар».

Табун пасвіцца каля фермы, зімой утрымліваецца ў пабудове (былой канюшні). Коней даглядае брыгадзір ААТ «Ляжні» Сяргей Дзямідаў. «У адказе за жывёлу я дваццаць гадоў, – кажа Сяргей Мікалаевіч. – Да коней патрэбны асаблівы падыход». Кожная кабыла ці конь маюць мянушкі, на якія адгукаюцца. У Ляжнях, да слова, трымаюць Ладу, Белку, Сіўку, Каштанку.

Што тычыцца пароды коней у ААТ «Ляжні», то тут сумесь. Калісьці ў Ляжнях адзін з гаспадароў трымаў беларускага вупражнога каня, якога час ад часу “запрашалі” ў табун сельгаспрадпрыемства. Цяпер прыходзіцца абыходзіцца “сіламі сваіх коней”.

Кожны год ААТ «Ляжні» прадае прыватным гаспадарам па некалькі жарэбчыкаў. Зараз іх пяць. Цана прымальная – сем рублёў за кілаграм жывой вагі. Шасцімесячнае жарабя важыць прыкладна 150‑200 кг, вось і лічыце кошт пакупкі. Што тычыцца дарослых коней, то неаб’езжаны каштуе 2‑2,5 тысячы рублёў, а за рабочую кабылу просяць па 3,5‑4 тысячы рублёў.

Ларыса ЗАЙЦАВА.

Цікавыя факты пра коней

У свеце налічваецца 160 парод коней.
Коні могуць цягнуць груз, які перавышае іх уласную вагу.
Коні маюць шырокае поле зроку, якое можа дасягаць да 350 градусаў. Гэта дазваляе ім заўважаць небяспеку з розных бакоў і прымаць хуткія рашэнні.
Коні валодаюць вельмі вострым слыхам і могуць чуць гукі на адлегласці да чатырох кіламетраў.
Адрозніваюцца выдатнай памяццю: запамінаюць складаныя маршруты, па якіх аднойчы прайшлі. Гэта дапамагае ім вярнуцца дадому, нават калі іх гаспадар згубіўся.
Кроў гэтых жывёл утрымлівае асаблівыя рэчывы, якія садзейнічаюць хуткаму зажыўленню ран.
Коні здольныя спаць стоячы, абапіраючыся на свае “парковачныя” мышцы, якія дазваляюць трымаць ногі заблакіраванымі на працягу некалькіх гадзін.
Коні маюць унікальныя зубы, якія пастаянна растуць і зношваюцца ў працэсе жавання.
Коні з’яўляюцца разумнымі жывёламі, яны здольныя вучыцца новым навыкам і працаваць у камандзе з чалавекам.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *