Участковыя інспектары з Шуміліна – на першых пазіцыях
Па выніках работы за студзень-кастрычнік участковыя інспектары Шумілінскага РАУС занялі другое месца ў вобласці. Маніторынг праводзіўся сярод 25 раённых і гарадскіх аддзелаў унутраных спраў Віцебшчыны.
Работа аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі РАУС (начальнік Павел Трафімаў) ацэньвалася ў комплексе. У раёне сёлета не зарэгістравана прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў і бытавых забойстваў. 22 чалавекі (летась 17) накіраваны ў лячэбна‑працоўныя прафілакторыі. Узбуджана 5 крымінальных спраў прэвентыўнай накіраванасці. У раёне самы высокі працэнт (амаль 90%) спагнання штрафаў, вынесеных па адміністрацыйных пратаколах у РАУС. За дамашняе насілле пастаўлена на ўлік 107 чалавек – гэта таксама важкі паказчык.
«Ва ўсе часы служба ўчастковых лічылася самай “народнай”, – кажа Павел Трафімаў. – Поўнасцю прысвячаючы сябе службе ў рэжыме 24/7, участковыя заўсёды побач з тымі, каму патрэбна дапамога». Старшым інспектарам прафілактыкі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі РАУС працуе Дзмітрый Шэдзько, старшымі ўчастковымі інспектарамі – Дзмітрый Зубараў (абслугоўвае Мішневіцкі і Сіроцінскі сельсаветы) і Віктар Галуза (Дабейскі і Лаўжанскі сельсаветы), участковымі інспектарамі – Юрый Сільвестраў (Обальскі сельсавет), Аляксандр Жураў (Каўлякоўскі і Мікалаеўскі сельсаветы), Уладзіслаў Алімаў (Шуміліна), Фёдар Пастаялкін (Светласельскі сельсавет). У дапамогу ім – малодшы ўчастковы інспектар міліцыі Дар’я Пашкевіч.
Ларыса ЗАЙЦАВА.