Характар званкоў-зваротаў – самы разнастайны
9 тэлефонных званкоў ад жыхароў раёна і не толькі (быў званок і ад жыхаркі Мёраў), падчас якіх агучана 10 пытанняў, – вынік «прамой лініі», якую 23 лістапада правёў старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык.
Характар зваротаў быў самым разнастайным: пытанні тычыліся добраўпарадкавання, стану дарог, вулічнага асвятлення, гандлёвага абслугоўвання, рамонту жылля і г. д. Тры звароты паступілі ад жыхароў райцэнтра.
Першым быў званок ад жыхаркі Міёр. Жанчына часта прыязджае ў в. Ільінцы, дабіраецца спачатку на міжгароднім аўтобусе, які можа спыняцца толькі ў Светласельскім (там афіцыйна вызначаны прыпынак).
Ёй жа потым вельмі нязручна дабірацца да канчатковага пункту следавання, таму жанчына прасіла разгледзець магчымасць устаноўкі прыпынка паміж дзвюма святлафорамі. Кіраўнік раёна паабяцаў, што ўсе адказныя службы вывучаць сітуацыю, пасля чаго жанчына атрымае пісьмовы адказ.
Пытанне па чыстцы калодзежа ў в. Цаўі адрасавала жыхарка населенага пункта. Галоўны інжынер УП ЖКГ Максім Русецкі, які непасрэдна прысутнічаў на «прамой лініі», паабяцаў накіраваць туды спецыялістаў для агляду.
Наш зямляк пацікавіўся, ці можна фізічнай асобе набыць невыкарыстоўваемы жылы шматкватэрны дом у вёсцы Навікі. Сяргей Аляксандравіч запэўніў заяўніка, што аддзел архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама разбярэцца ва ўсіх юрыдычных нюансах і дасць пісьмовы адказ.
Паступіла пытанне па рамонце кватэры ў двухпавярховым доме ў райцэнтры, якая пасля капрамонту ў 2018 годзе займела статус праблемнай. Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Юлія Зянькова патлумачыла, што ўлады ведаюць пра праблему і трымаюць яе на кантролі. Кватэра абследавана, аддзелам заказаны праект на правядзенне ў ёй капрамонту. Тлумачэнні па рамонце шматкватэрнага дома Юлія Зянькова дала і жыхарцы вёскі Язвіна, якая таксама пытала, калі дом нарэшце трапіць у спіс правядзення капрамонту.
Жыхар вёскі Мясаедава агучыў падчас тэлефоннага званка, што ў іх не гарыць вулічны ліхтар. Кіраўнік раёна пракаменціраваў, што заявак па замене лямп на вулічных ліхтарах на мінулым тыдні было даволі шмат у сувязі з тым, што РЭС чакала паставак. Як толькі лямпы паступяць, заяўкі будуць выкананы неадкладна.
Адразу два дарожныя пытанні ўзняў жыхар райцэнтра: стан дарогі да вуліцы Зарэчнай у Мішневічах і стан дарогі ў райцэнтры ў пачатку вуліцы Сіпко. Старшыня райвыканкама Сяргей Галынчык неадкладна паставіў задачы перад службамі выехаць і вывучыць сітуацыі для прыняцця рашэння.
Яшчэ адзін жыхар Шуміліна папрасіў прывезці гравію для ўладкавання стаянкі для транспарту каля шматкватэрнага дома. «Вы толькі прывязіце, калі ласка, там многа не трэба, а я сам давяду справу да канца, –– дадаў ён.
Апошні званок паступіў ад жыхаркі аграгарадка Башні і тычыўся гандлёвага абслугоўвання. Магазін райспажыўтаварыства, які доўгі час не функцыянаваў у населеным пункце, нарэшце быў адчынены перад раённымі Дажынкамі. Але радасць была нядоўгай, расказала жанчына. Літаральна праз некалькі тыдняў на дзвярах аб’екта зноў з’явіўся замок. А магазін у аграгарадку патрэбны, як паветра, асабліва сталым жыхарам. Тлумачэнні па праблемным пытанні даў намеснік старшыні райвыканкама па пытаннях эканомікі Аляксей Сапо, які прысутнічаў на «прамой лініі». Аляксей Юр’евіч патлумачыў, што прадавец у магазін знойдзены, на мінулым тыдні праходзіў медкамісію, і ў самы бліжэйшы час прыступіць да работы.
Усе пытанні, якія паступілі на «прамую лінію», будуць накіраваны адказным службам, вывучаны для прыняцця рашэння і выканання. Заяўнікаў праінфармуюць пра ход іх зваротаў пісьмова.
Алена КАРПУШЭНКА.